
Беларускі кнігазбор
yozas_gubka
- 111 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Васілю Зуёнку пашанцавала з гэтай кнігай. Прынамсі ён сам змог яе ўкласці і пракантраляваць выданне. А гэта бадай найлепшае яго выбранае. Гэтую кніжную серыю «Беларускі кнігазбор» заснаваў у 1996 годзе Кастусь Цвірка. «Выбраныя творы» Васіля Зуёнка выйшлі ў гэтай серыі ў 2010 годзе, далёка не самым спакойным у Беларусі, але яшчэ да ўсіх сённяшніх забурэнняў і трагедыяў.
Прадмову, досыць аб'ёмную, да кнігі напісала літаратуразнавец Наталля Заяц. Дарэчы, у прадмове адзначаецца, што «па аб’ектыўных, далёкіх ад сфер мастацтва прычынах з 1995 года не выходзіла новых арыгінальных кніг лірыкі Васіля Зуёнка.» То бок, паэт ад самага пачатку прыходу да ўлады Лукашэнкі трапляе ў няміласць і дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» для яго зачыняецца.
Падсумоўваючы разгляд творчасці Васіля Зуёнка Наталля Заяц наступнымі словамі заканчвае прадмову: «За ўжо амаль паўвека працы ў літаратуры Васіль Зуёнак стварыў свой непаўторны мастацкі свет, па-гаспадарску, рупліва збіраючы словы, узвёў уласную — паэтычную — Сялібу. Эмацыйны эпіцэнтр яе жыцця, напэўна, знаходзіцца недзе побач з Мачулішчам, на малой радзіме пісьменніка: адтуль сілкуецца яго шматфарбная, разнастайная ў праблемна-тэматычных і жанравых адносінах творчасць.»
Кнігу складаюць раздзел «Вершы», да якога далучана паэма «Маўчанне травы», і раздзел «Проза», які ўтрымлівае элегіі, эсэ і эцюды.
Увогуле паэзію Васіля Зуёнка можна акрэсліць як філасофска-лірычную. Але паэт не пазбягае і сацыяльнай тэматыкі. У 1993 годзе, калі пачалася ў Беларусі паводка рознагалосся, паэт напісаў:
Схілюся, як перад Айчынаю,
Гляну ў крынічкіны вочы:
Усе гаварыць навучыліся,
Слухаць ніхто не хоча…
А ў 1998 годзе ў вершы «Тэстамент» паэт даў параду беларусам:
Не лезь жа, браце, у хаўрус
З уладай безнароднай:
Спявай жыццё, ахвярнік муз, —
Галодны, ды свабодны!..
А ў 2000 годзе паэт даў яшчэ адну параду адносна таго, што з'яўляецца абавязковым для здабыцця свабоды.
Роднае слова — народа аснова:
З ім і малы — магутны.
Слова душу ахінае пакровам
На скрыжаваннях пакутных.
Варта яшчэ адзначыць адну істотную акалічнасць, гэтая кніга выйшла пры фінансавай падтрымцы пісьменніка і бізнесоўца Алеся Усені. Гэта далёка не першая кніга, якую ён падтрымаў.



