
Мая беларуская кніга
script_error
- 61 книга

Ваша оценка
Ваша оценка
Максім Багдановіч за сваё кароткае жыццё пакінуў нам не толькі багатую спадчыну, але і шмат загадак. Разважаючы над імі, у 1967-1968 гадах Міхась Стральцоў, пісьменнік і літаратуразнавец, напісаў эсэ, якое так і назваў: "Загадка Багдановіча".
Гэта той выпадак, калі шырокая палітра эмоцый - не дзяжурны штамп, а канстатацыя факта. Твор пачынаецца наступным чынам: "Надзеі на папраўку амаль не было: ён гэта ведаў добра". І гэта толькі першы ўдар, бо ўжо праз некалькі старонак Стральцоў напіша, што за дзень да смерці Багдановіч папрасіў гаспадыню ялцінскага дома купіць свежых клубніц. А назаўтра яна зайшла ў пакой, убачыла амаль некранутыя ягады і апошні ліст паэта да бацькі ("Добры дзень, стары верабей. Маладому вераб'ю блага...") На гэтым месцы ёсць рызыка зараўці ўголас
Варта адзначыць, што эсэ Стральцова - не навуковае даследаванне, таму рэальныя факты ён дапаўняе мастацкімі дэталямі і ўласнымі развагамі. Што да апошніх, то ўражанні ад іх супярэчлівыя. З аднаго боку, некаторыя (напрыклад, пра шлях Багдановіча да беларушчыны) хочацца перачытваць па некалькі разоў. З другога, часам аўтар настолькі заглыбляецца ў абстрактныя роздумы, што выцягнуць для сябе штосьці канкрэтнае даволі складана.
Што мне дакладна не спадабалася, дык гэта адхіленні. Згадаўшы пэўную дэталь пра Максіма Багдановіча, аўтар прыводзіць аналогіі з жыцця і творчасці іншых асоб (Чэхава, Чарнышэўскага, Лермантава, Пушкіна, Мана і інш.) і, захоплены сваёй думкай, шматслоўна пра іх разважае. Дапускаю, што частка чытачоў такое ацэніць, аднак для мяне гэта нагадвае сітуацыю, калі сеў не ў той аўтобус. Ну і што, маўляў, на наступным перапынку выйду і сяду ў свой. Аднак прыпынку гэтага ўсё няма, а кіроўца імчыць цябе кудысьці, усё больш аддаляючы ад мэты. І калі Стральцоў (часам пад канец главы) ўсё ж вяртаўся да Багдановіча ці кагосці з блізкіх яму людзей, я з палёгкай выдыхаў: арыенцір знойдзены.
Усё пададзенае вышэй кампенсуецца тым, што эсэ напісана з непадробнай любоўю да Багдановіча як паэта і чалавека. Калі вы таксама любіце Багдановіча, то гэта твор для вас. А калі яшчэ не - тым болей.
АДЗНАКА: 8 з 10.

Мая рэцэнзія будзе прысвечана пакуль што толькі аднаму апавяданню "Сена на асфальце". Твор пабудаваны як чаргаванне празаічных частак і эпісталярных, якія больш лірычныя. Міхась Стральцоў з'яўляецца прадстаўніком лірычнай прозы, таму не дзіўна, што і ў канцы жыцця звяртаецца больш да лірыкі, чымсьці да празаічных твораў.
У цэнтры згаданага твора дзядзька Ігнат і Віктар, якому першы прапаноўвае пакасіць траву на плошчы ў горадзе, аднак другі "ведае, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама".
У творы дзед хацеў бы вярнуцца ў вёску і працаваць лясніком, бо любіць лес, пра што і піша ў лісце. Лісты Віктара, яго каханай Лены, дзеда - усе ад першай асобы. Лена ўспамінае пра тое, як любілі набыць квіткі на цягнік і паехаць - адкрыць для сябе невядомыя вёскі. Дарэчы, я таксама любіў калісьці сесці ў транспарт і заехаць у які-небудзь незнаёмы раён Мінска, каб пазнаць бліжэй родны горад, а ў невядомыя вёскі адправіцца? Думаю, гэта мара яшчэ спраўдзіцца... Лісты Віктара больш падзейныя, але таксама лірычныя. Ён піша, што "ў звычайнай пасляваеннай вёсцы пачынаемся з табою мы". Інверсія характэрна для для лірыкі.
Аўтар з'яўляецца паэтам-сузіральнікам:
Сена на асфальце - своеасаблівае парушэнне правіл. У лісце адчуваецца настальгія, што ў падлеткавым узросце ўсе захапляліся Базаравым. Цікавы аўтарскі прыём, калі ён фантазіруе і спрабуе змадэляваць будучыню да дэталяў. Дзядзька Ігнат падаецца дзіўным, але ён сам узгадваў, як напрыклад, смаляць кабана.
Міхасю Стральцову ўласціва самаіронія, што заўжды падкупляе. Ён хоча прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, прымірыць месяц над хатай і электрычны ліхтар, таму нарэшце ідзе з дзедам касціць траву ў горадзе. Аўтар стварае "вёску" ў горадзе. Хочаце прачытаць, як такое можа адбыцца? Звярніцеся да твораў Міхася Стральцова! Прыемнага чытва!

Я думаў, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна, - няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога.

