
"Таямніцы следства" з Францішкам Багушэвічам?
Мяркуючы па назве, думала, што гэта дэтэктыў. Аказалася, не — гістарычная аповесць пра Францішка Багушэвіча часоў яго працы на ніве следства на Украіне. Што ж пачытаць, пра паэта, стаяўшага ля вытокаў беларускай літаратуры, у ролі следчага таксама было б цікава. Але надзеі, на жаль, не спраўдзіліся. Багушэвіч — зусім не Шэрлак Холмс, больш думае не аб дэдуктыўным метадзе, а аб вершах, аб новых альманахах, якія заснавалі яго сябры. Аб тым, што добра было б працаваць у газеце або часопісе, а не раследваць гэтыя абрыдлыя справы. На яго шчасце, справы трапляюцца немудрагелістыя. Асноўны разглядаемы кантынгент — сяляне, а яны настолькі цёмныя і запалоханыя чыноўнікамі і іншымі “начальнікамі”, што гатовы прызнацца і ў тым, што рабілі, і ў тым, чаго не рабілі. Сенсацыяй становіцца тое, што ў гэтай ціхай правінцыі пачынаюць шукаць тэрарыста-“бамбіста”, што вырабляе выбуховыя прыстасаванні для барацьбы з уладамі. “Зламыснік” аказваецца даўнім знаёмым Багушэвіча, яшчэ па Вільні, калі рыхтавалася паўстанне 1863 года… Увогуле, пра паўстанне ўспамінаюць даволі часта: то ў сувязі са здраднікамі, якія дабіліся высокіх чыноў, то ў сувязі з вярнуўшыміся з катаргі былымі паўстанцамі, ад якіх адвярнуліся родныя. Багушэвіч на працягу ўсёй аповесці — хутчэй назіральнік, чым дзеючая асоба. Нават пра яго сямейнае жыццё сказана вельмі мала. З іншага боку, добра, што ёсць хоць такая магчымасць зірнуць на класіка па-новаму. Кніга прызначана для чытачоў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Гэтаму ўзроўню яна і адпавядае.
























































