
Як усё найлепшае ў жыцці, "Шлях у Бабадаг" здарыўся са мной выпадкова – кнігу проста знянацку параіў прадавец у кнігарне. Аповед аб падарожжы па краінах Паўднёвай і Усходняй Еўропы, сярод якіх Румынія, Україна, Венгрыя? Загарніце!
Кніга - сапраўднае глыбокае экзістэнцыяльнае вандраванне, як па вёсках і мястэчках, так і па закавулках уласнай душы, адвечная спроба пошукаў сябе і свайго прытулку ў свеце. Гэта гісторыя вандроўніка, якога вядзе шлях спазнання, інтуіцыя і старая падзёртая мапа. Аўтар распавядае так, як узгадвае свае дарогі, часам урыўкамі, пераскоквая з месца ў месца, адыходзячы ўбок у развагах, час ад часу блукаючы ў думках, ходзячы па коле.
“Гура-Гумарулуй, Кімпулунг-Маладавенеск, Ватра-Дорнэй, углыб зялёнай Букавіны, паміж лясістых гор, і я, уласна кажучы, не памятаю нічога з таго падарожжа, таму мушу прыдумляць усё наноў”.
Вандраванне-чытанне даволі меланхалічнае, вязкае, акурат ў рытме тых мясцін, што існуюць нібыта па за часам. Кніга патрабуе адмысловага настрою, яе немагчыма чытаць хутка, на бягу, між іншым. Чытанне запавольваецца яшчэ і таму, што цікава шукаць кропкі на мапе і фотаздымках.
Дарэчы, цягам чытання з’явілася думка, што кнізе не стае фотаздымкаў, тым больш, аўтар піша, што іх у яго каля тысячы, але хутка тлумачыць, што
“на фотках нічога, уласна кажучы, няма: коні, пасвяцца на сметніку, фрагмент плота і абадраная сцяна, зялёныя ўзгоркі, вясковая халупа, акраек горнага пейзажа, чорны кот і каналізацыйны люк, туман, дрэва і раз’езджаы снег, фасад дома, пустая вуліца і гэтак далей, поўная адсутнасць сэнсу, паслядоўнасці, чыстая выпадковасць няважных рэчаў, пазбаўленых значэння хвілін дзіцячая гульня і наіўная спроба”.
Нават ад такога простага пераліку перад чалавекам з малой усходнееўрапейскай краіны адразу паўстаюць яскравыя вобразы. Увогуле апісанні мястэчак і сваіх уражанняў у Анджэя Стасюка вельмі ёмістыя і адчувальныя:
“Такай ляжаў нерухома і блішчаў, быццам рыбіна луска. Я стаяў у гэтай звышпрыроднай цішыні, паліў цыгарэту і думаў, што так павінны выглядаць усе раніцы свету: мы прачынаемся ў абсалютным спакоі, у бязлюдным чужым месцы, у якім спыніўся час, і усё навокал выглядае як працяг сну”.
І да таго ж у мяне ёсць некалькі ўласных здымкаў з маленькай, але незабыўнай вандроўкі па Румыніі.
Праз увесь гармідар тапонімаў, людзей, дарог, аскепкаў і абрыўкаў матэрыі ў кнізе ясна прасочваецца думка аўтара аб еднасці, агульнасці, нейкай сумнай прывабнасці гэтых мясцін, якія яшчэ захоўваюць нешта сапраўднае, спрадвечнае, некранутае.
“Так я думаў пра маю Еўропу, як пра месца, у якім, нягледзячы на адоленыя адлегласці і межы, нягледзячы на зменлівыя мовы, чалавек мае пачуццё, нібы ён падарожнічаў з Горліц, скажам, у Санок. Так я думаў пра апошні прыстойны міф ці ілюзію, якія прыкладаюць да ран і гузакоў бяздомнасці ў гэтым усё больш беспрытульным свеце”.






























