—... Бо тады вы былі дзецьмі!
— Чаго? — перапытаў я.
— Падчас вайны вы былі маленькімі дзецьмі — як тыя, што цяпер наверсе!
Я кіўнуў на знак згоды. Насамрэч: тады мы былі недапечаныя смаркачы — якраз пры канцы дзяцінства.
— Але дзе ж ты пра тое напішаш!
Гэта не гучала як пытанне, гэта гучала як прысуд.
— Ня... ня... ведаю, — вымавіў я.
— Дык я ведаю! — сказала яна. — Вы будзеце ўдаваць, што былі мужчынамі, а ня дзецьмі, і пра вас будуць здымаць фільмы з Фрэнкам Сынатрам ці Джонам Ўэйнам, або зь якім-небудзь іншым чароўным старпёрам, які палка любіць вайну. І войны выглядацьмуць прыгожай казкаю, так што ў нас іх будзе яшчэ шмат. І на іх пойдуць дзеці, як тыя, што наверсе.
І тут я дапяў. Яе раззлавала вайна як такая. Мэры не жадала, каб яе або чыіхсьці іншых дзяцей забіла на вайне. І яна думала, што ў тым ліку кнігі і кінастужкі заахвочваюць людзей ваяваць.