— Чуў, што ўчора на прасьпекце было?
— А што? — прастадушна папытаўся Ступак.
— Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі.
— Вось як?
— Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла!
— Сіла! — пагадзіўся Ступак.
Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў:
— Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік!
— Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў.
Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.