— Чуў, што ўчора на... «Афганец»

  • Аватар пользователя
    akrav_azlani
    29 марта 2017

    — Чуў, што ўчора на прасьпекце было? — А што? — прастадушна папытаўся Ступак. — Кажуць, лядовае пабоішча. Менчукоў з псамі-рыцарамі. — Вось як? — Што ж думаеш: паўтары тысячы АМАПу. Ды міліцыя. Ды ўнутраныя войскі. Сіла! — Сіла! — пагадзіўся Ступак. Гэты Плешка заўжды пачынаў так — быццам быў на баку ўлады, мог нават мацюкнуць дэмакратаў, але свае сапраўдныя адносіны запасіў на канец. Прыхінуўшыся да крыла аўтамабіля, азірнуўся і нягучна паведаміў: — Кажуць, сам лупіў. Палкай. Пад каскай амапаўца. Во драпежнік! — Драпежнік, — міжволі пагадзіўся Ступак. Уласных адносінаў да таго ён раскрываць не хацеў. Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы — як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага — з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.

    86