А затым спакойна, без эмоцый, пачаў расказваць пра свайго сябра, які толькі падчас разводу даведаўся, што дзяўчына-падлетак, якую ён выхоўваў ад нараджэння, не яго дачка. У першы момант гэты факт яго агаломшыў, але ў выніку аказаўся малазначным. Мужчына ўпаў у дэпрэсію, а потым, ужо з іншай прычыны, - у алкагалізм. Маці дзяўчынкі абышлася з ім найгоршым чынам. Яна праз суд адмовіла яму ў праве бачыць дачку. Паколькі яе біялагічным бацькам ён не быў, суддзя, што вяла справу, стала на бок маці. Гэта была помста, бо прычынай разводу зрабілася шлюбная нявернасць, а суддзя была добра вядомая сваёй выключнай нецярпімасцю да такіх мужоў, бо сама з гэтай самай прычыны развялася.
- Тое, што дзяўчынка, - сказаў дзядзька, - была зачатая не з ім, было яму, як ты б больш правільна за мяне сказала, scheißegal. Бо любоў не залежыць ад сперматазоіда, бацькам робяць не гены. Можна ж, напрыклад, перастаць быць маці, нават калі гены ўжо дакладна перададзены дзіцяці. Хто-хто, а ты гэта ведаеш найлепей.