Быў вялікім наш народ. Ён быў такім датуль, пакуль не стаў пакорлівым бараном. Ён быў такім пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. А цяпер ён — бруд пад нагамі чужынцаў. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў, адзіны ва ўсёй Еўропе, татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набірацца сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля сачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Coaequatio iurium — ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з Каронаю — гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.