Вязень дзяцінства, Вікторыя рызыкуе так і не знайсці сваё сапраўднае "я". Як, зрэшты, і народ, да якога яна належыць. Гэты народ таксама баіцца нарадзіцца, бо свет навокал змяніўся, стаў іншы, і кожны мусіць цяпер прыняць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Але быць ахвярай, "дурным мужыком", спавядаць "каштоўнасці адносін" нашмат лягчэй, чым стаць вольным і прызнаць: усё - і ва ўласным дабрабыце, і ў дабрабыце краіны - залежыць ад нас саміх. І мы ўпарта трымаемся за лона матухны-гісторыі, якая ўвогуле нас і не любіла ніколі (мо зацяжарала намі "па залёту"?), - што ж, такі нам, у адрозненне ад іншых, шчаслівейшых народаў, выпаў лёс. Але свой крыж мы можам ператварыць у перамогу, і ў глыбіні ўласнага Ценю адшукаць кропку Сонца, і распаліць Святло "на ўвесь свет вялік", - зразумела, калі адважымся, нарэшце нарадзіцца.
"Імя Ценю - Святло"