Кожны год дзе-небудзь на свеце ішла вайна, дзяржавы, што не ваявалі, з усяе сілы рыхтаваліся да таго, і гады нашае сталасці былі кароценькім перапынкам паміж дзвюма войнамі, у які кавалася зброя, фарміравалася ўсялюдская злосць, рыхтавалася навуковае абгрунтаванне будучай бойні і раслі салдаты будучых рот, батальёнаў, палкоў. Мы адчувалі гэта, але ўсё ж цешылі сябе думкаю, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што кіраўнічая мудрасць, пкакты, праўда нашае мірнай справы не дапусцяць вайны. Ды нам у дзяцінстве яна і не здавалася чымсь ненатуральным - наадварот, самымі ўлюбёнымі нашымі цацкамі была зброя, самыя цікавыя кніжкі былі пра вайну. Яна была прываблівай нам, гэтая вайна, і вабіла яна нас да таго часу, пакуль была выдумкай, а не рэальнасцю. Цяпер жа вось, калі мы зведалі яе ва ўсёй неразумнасці, лютасці, подласці, ахвярнасці, мы праклялі яе - кожную вольную або нявольную, усчатую і навязаную, - і няхай яна будзе праклята навек!