Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Выбраныя творы

Алесь Дудар

  • Аватар пользователя
    Torvald55 июня 2018 г.

    Гэтая кніга вяртае ў беларускую літаратуру паэта, крытыка, празаіка 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя Алеся Дудара. Ранейшыя зборнікі, якія пабачылі свет у 1954 і 1984 гадах, не давалі дакладнага ўяўлення пра літаратурную спадчыну пісьменніка. Гэта і зразумела, бо выходзілі ў савецкі час і былі ўкладзены з улікам тагачаснага ідэалагічнага дыктату. Дудар быў тройчы арыштаваны, абвінавачаны ва ўдзеле Саюза вызвалення Беларусі і расстраляны ў "чорную ноч" 30 кастрычніка 1937 года, разам са 132 прадстаўнікамі беларускай інтэлектуальнай эліты, сярод якіх былі 22 пісьменнікі.

    Гэтую найноўшую кнігу Алеся Дудара ўклала вядомая даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец і ўключыла ў яе не толькі лепшае з паэзіі, прозы, крытыкі і перакладаў, але і некаторыя лісты, дакументы, аўтабіграфію і нават паказанні па справе Саюза вызвалення Беларусі. Такім чынам чытач мае магчымасць дазнацца падрабязнасці пра асабістае жыццё пісьменніка, пра ягоныя перакананні, рызыкоўныя ўчынкі, жыццёвыя памылкі і таемныя мары. Але перадусім пісьменнік любіў сваю родную Беларусь і ўсяляк імкуўся паўплываць на тое, каб Беларусь рабілася па-сапраўднаму беларускай. Бадай ніхто з тагачасных беларускіх пісьменнікаў не рабіў гэта так смела і рызыкоўна. Менавіта гэтая ягоная рызыкоўнасць і не давала шансаў Алесю Дудару ўратавацца ў тагачасных жорнах крывавага тэрору. Верш "Пасеклі край наш папалам..." стаў той апошняй кропляй, якая прадвызначыла трагічны лёс пісьменніка.

    У гэтай кнізе Алесь Дудар паўстае жывым, маладым чалавекам, які марыць пра сапраўднае каханне і пра годнае жыццё ў роднай краіне. Некаторыя тэксты, змешчаныя ў кнізе, раней згадваліся ў літаратуразнаўчых працах у адмоўным кантэксце. Але пазнаёміўшыся з імі, разумееш, што гэтая ацэнка была суб'ектыўнай і адлюстроўвала ранейшыя літаратурныя спрэчкі і асабістыя непрыхільнасці.

    Увогуле кніга перадусім дэманструе літаратурны патэнцыял Алеся Дудара, які напоўніцу так і не раскрыўся.

    І прыканцы варта адзначыць выдатную працу ўкладальніцы кнігі Ганны Севярынец. Яна не толькі пазбірала публікацыі Дудара з тагачасных ягоных кніг і з перыёдыкі, але і знайшла прыватны архіў пісьменніка, у якім аказалася шмат цікавага. Гэта, напрыклад, дазволіла ўпершыню надрукаваць цалка пераклад Дудара паэмы Аляксандра Пушкіна "Яўгеній Анегін". Часам так здараецца, што рукапісы не гараць.

    11
    420