Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Захоп Беларусі марсіянамі

Алесь Аркуш

  • Аватар пользователя
    RubelPontifying30 ноября 2017 г.

    Гартаючы ўжо некалькі разоў прачытаны раман “Захоп Беларусі марсіянамі”, прыцягвала ўвага да асобных фразаў.
    … Снарад ўжо не ўпершыню зносіў левую вежу Сабору, яе рэшткамі, Бог ведае які раз, надзейна запячатваліся падрабязнасці таго захопу.
    А хто ведае, колькі таямніц пахавалі “марсіяне” пад плінфяным крошывам купалоў Сафійкі ў 1710? Колькі таямніц пахавана ў лёхах, пад гмахам падзей, што адбываліся ў будынку калегіюма, вучэльні, корпуса, казармы, шпіталя, якія таксама скрыты надзейнай пячаткай пабудовы і наслоеных у ёй здарэнняў, якая і бароніць самае каштоўнае і недасягальнае ў сваіх падземных сховішчах і тунэлях?
    Таямніцы для кожнай асобы, якая шукае, – гэта загадкавасць, непрадказальнасць, якія адчыняюцца людзям з дапамогай веры, упартасці, уменнем вытрымаць, не пахіснуцца, ад раптоўнага сутыкнення з іх сутнасцю.
    Хаця і таямніцы бываюць розныя… “Не даць марсіянам захапіць Беларусь” – нягледзячы на дзіўнасць фразы, тым не меней не такая ўжо і загадкавая мэта. З нашай гістарычнай і нацыянальнай памяццю мы напэўна проста звыкліся і не заўважаем сцяг з вертыкальнымі палосамі, апаленую сцяну гарвыканкама, а да размовы (хоць і аднабаковай) з расстраляным у 38-м нацыянальным героем Властам, можна далучыцца не толькі ў снабачаннях, пра што ведае адносна няшмат жыхароў нібы акупаванай марсіянамі краіны. Як апошнюю з’яву яшчэ патлумачыць? Толькі захопам марсіянамі. І нічога дзіўнага і нелагічнага ў гэтай назве няма.
    Калі ж захоплена ўчытваешся ў твор некалькі першых разоў, нават не адчуваеш пераходу ад асобы Дудара да Кроквы. “Людзі не паміраюць, а толькі змяняюць цялесную абалонку”. Іх імкненні застаюцца на працягу пакаленняў тымі ж. Па шматлікіх прычынах.
    Не існуе мінулага ці будучага, толькі рух. Рух па адным шляху, ці рух насустрач, як каму больш спадабаецца. Да таямніц, і неперадольных, на першы погляд перашкодаў, – жаху ад дотыку таямніцы, якія нясуць подых маўклівай і непазбежнай небясьпекі папярэджванняў Сімакова, уласным, нарэшце, прадчуванням. Імкненні ўжо неўміручага дзіця Сонца і Васіля Кроквы, мінаючага з упэўненасцю адзінае кароткае – і таму яшчэ больш астуджаючае ў жылах кроў – “возвратиться нельзя”. Рух да ўласнага сябе, яшчэ не захопленага неагляднай па маштабах, а таму і не заўважнай на першы погляд, навалай.
    Яны рухаліся насустрач адзін аднаму? Мо і так. Але мэта “не даць захапіць марсіянам Беларусь” звяла час на нейкі сапраўды Ўсяленскі, бяскрайні, дзе разгадка адной таямніцы, поспех у адной справе, паказваюць незлічонасць і бесканцовасць наступных, дзеля якіх мы змяняем абалонку.
    Асабіста мяне раман крануў сваёй дакладнасцю ў перадачы своеасаблівай “полацкай” атмасферы, таму лічу, што палачанам ці людзям неяк звязаным з Полацкам, ён закране пэўныя нутраныя фібры, нават не падзеямі, а, падкрэслю, атмасферай, незалежна ад падзей ці асобаў, што неаднойчы заўважалася і ў іншых творах прызванага лёсам да дзвінскіх берагоў аўтара.

    2
    121