Рецензия на книгу
Мімікрыя
Аляксандр І. Бацкель
Torvald529 октября 2017 г.Кніга апавядае пра лёсы чатырох сяброў – трох хлопцаў і адной дзяўчыны. Зусім розных людзей, са сваімі прыхільнасцямі, прафесійнымі заняткамі, марамі і жыццёвымі планамі. Іх аб'яднала любоў да прыгожага пісьменства. Перыядычна яны наладжвалі паміж сабой спаборніцтвы на веданне цытатаў з класікі, або абмяркоўвалі загадзя вызначаныя кнігі пэўных аўтараў.
Аўтар атаясамляе кожнага свайго героя з адмысловай стыхіей – паветрам, вадой, глебай і агнём – і даследуе сваіх герояў у адпаведнасці з асаблівасцямі гэтых стыхіяў. Адсюль і незвычайная кампазіцыя твора і наяўнасць у творы энцыклапедычных уставак.
Відавачна і сам аўтар «Мімікрыі» добры знаўца прыгожага пісьменства і перш чым напісаць гэты твор мусіў прачытаць дзясяткі, а магчыма і сотні кніг.
У анатацыі адзначаецца, што героі «Мімікрыі» жывуць па-за грамадствам, соцыўмам і не імкнуцца да яго далучыцца, а хутчэй наадварот, пратэстуюць супраць усяго будзёнага, усяго масавага. Больш таго, адзін з героеў раману, Гэня, увогуле зачыніўся ў сваёй кватэры і два з паловай гады не выходзіў з яе, жывучы выключна з дапамогаю інтэрнэту.
Калі героі працяглы час не збіраліся разам, то ў кожнага з іх нарасталі праблемы. І толькі разам, злучыўшы свае стыхіі, яны ўяўлялі пэўную сілу. Таму з такой роспачу яны сустрэлі жахлівую навіну пра самагубства іх сябра, мастака Вітаўта, і былі вымушаны шукаць яму замену.
Праўда, з кнігі так і не зразумела, якую будучыню для сваіх герояў бачыць аўтар. Хіба што толькі адна выснова на відавоку – ад грамадства і соцыўму немагчыма схавацца. Канфлікт з грамадствам прывёў Вітаўта да самагубства. А Гэня ўвогуле набыў хваробу – у публічных месцах ён проста губляў прытомнасць. Ён нават не змог патрапіць на пахаванне Вітаўта.
Такім чынам, гэтая кнігі пра сучасных рамантыкаў, «якім здаецца, што літаратура й мастацтва выратуе сьвет». Пра іх жыццёвыя пошукі, адкрыцці і расчараванні.
І ці быў бы наш свет цэльным, няхай сабе з уяўнай шчаслівай перспектывай, без рамантыкаў?
988