Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Белая муха, забойца мужчын

Альгерд Бахарэвіч

0

(0)

  • Аватар пользователя
    Torvald5
    18 сентября 2017

    Калі ты ўжо быў на гары, то на пагорку цябе цяжка заўважыць

    Альгерд Бахарэвіч як мэтэор уварваўся ў беларускую літаратуру. Ужо першы ягоны вучнёўскі зборнік апавяданняў “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”, які выйшаў у 2002 годзе, быў заўважаны і адзначаны літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес”. Чытачы перадусім бачылі ў ягоных творах адметны стыль. І сам пісьменнік у інтэрв’ю шматкроць падкрэсліваў, што для яго важна чараваць словам.

    Толькі вось літаратура – гэта суладнасць стылю і зместу. Калі ў тэксце прысутнічае толькі моўная вытанчанасць і дасціпнасць, то сур’ёзнаму чытачу гэтага будзе мала. Калі няма ў творы цікавых, арыгінальных думак, калі няма зместу сярод радкоў, калі бракуе нейкага цэнтральнага мэсыджу, калі няма загадкі, то твор успрымаецца толькі ў адной плоскасці, ён губляе глыбіню і здольнасць набрыньвацца новым зместам і алюзіямі з часам.

    Як на мой густ, найлепшы твор Альгерда Бахарэвіча – раман “Дзеці Аліндаркі”. У рамане ёсць загадка, метафізіка. У ім не ўсё празрыста і не ўсё вытлумачана, шмат пакінута для працы чытачу. Так, ён складаны для ўспрымання, і не кожны зразумее, што гэта за такі персанаж - Язык, які актыўна дзейнічае ў рамане. Але гэтая загадкавасць і ёсць галоўным плюсам твора.

    Зусім па іншаму пабудаваны раман Бахарэвіча “Белая муха, забойца мужчын”. Літаратурныя крытыкі ўжо ахрысцілі гэты твор як феміністычны. Так, галоўнымі героямі ў творы з’яўляюцца жанчыны, якія збунтаваліся, стварылі банду і захапілі замак з закладнікамі, выставіўшы свае патрабаванні. Але мне падаецца, што твор атрымаўся задужа прамалінейным, схематычным, з пальца высмактаным сюжэтам і карыкатурнымі галоўнымі героямі. Відавочна, творы з сацыяльна-ідэалагічным зместам у Бахарэвіча не атрымліваюцца. Хаця ў “Белай мусе” ёсць проста выдатныя мясціны - з моўнымі знаходкамі, з цудоўнымі дыялогамі, з стылістычнымі перлінамі. Але ўсё гэта знікае, калі кніга прачытаная, і чытач успрымае твор з агульнага ўражання. Плюс абсалютна ніякае завяршэнне рамана. Нібыта аўтар прыйшоў на фініш, і не ведае што сказаць на развітанне.

    У “Мусе” знікла магія і загадка “Аліндаркі”. Магчыма аўтар спрабаваў напісаць больш простую для ўспрымання кнігу – з лінейным сюжэтам, з пазнавальнымі жаночымі героямі, з мэсыджам, які на паверхні і тлумачыцца аўтарам. Але для літаратуры гэта як грэйдэрам прайсціся па палявой дарозе, спрамляючы яе гуллівае віхлянне.

    Праўда, калі б гэтую кнігу напісаў хтосьці іншы, не аўтар “Дзяцей Аліндаркі”, то, відаць, яна ўспрымалася як вялікае дасягненне. Але калі ты ўжо быў на гары, то на пагорку цябе цяжка заўважыць.

    like9 понравилось
    761

Комментарии 0

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.