Рецензия на книгу
Дзяцел і дупло
Віктар Жыбуль
Torvald518 сентября 2017 г.Усё разам у адным флаконе
«Дзяцел і дупло» - бадай самы канцэптуальны паэтычны зборнік Віктара Жыбуля. У ім не толькі падабраныя адпаведныя вершы, але і праілюстраваныя адпаведнымі фотаздымкамі, на якіх паэт удзельнічае ў розных імпрэзах, перформенсах і слемах. Дарэчы і значная частка зборніка аматарам паэзіі Жыбуля добра вядомая па слэмах – менавіта з гэтымі вершамі ён перамагаў на паэтычных рысталішчах.
Іронія, гратэск, «чорны» гумар, гульня словаў і абсурд сэнсаў – усё гэта прысутнічае ва ўсіх паэтычных зборніках Жыбуля, але ў кнізе «Дзяцел і дупло» - усяго гэтага з коптурам. Прычым не ўсе чытачы ўспрымаюць хармсаўскую паэтычную гульню Віктара адпаведным чынам. Жыбуль ужо неаднойчы сутыкаўся з тым, што яго вершы выклікалі адмоўную рэакцыю. Але асабліва не пашанцавала як раз зборніку «Дзяцел і дупло». Напрыклад, у сталічнай кнігарні «Веды» увогуле забаранілі да продажу гэтыю кнігу паэта.
Такім чынам трапіць у школьную праграму вершам Жыбуля наўрад ці атрымаецца. Прынамсі ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Хоця ў класікі беларускага постмадэрнізму яго можна залічыць ужо і сёння.
Віктар Жыбуль як раз належыць да тых паэтаў, якога любяць чытаць, і яшчэ больш любяць слухаць як ён дэкламуе свае вершы. І калі паўсюдна кажуць, што цікавасць да паэзіі апошнім часам ва ўсім свеце прыкметна падае, то Беларусь мае прынамсі аднаго паэта, цікавасць да якога толькі расце.
У вершы «Дзённі Максіма Багдановіча» Жыбуль адзначае:
Паэтава душа – як слон вялізная,
з яе струменіць шчырых думак рой.
Паветра пахне ніжняю бялізню.
З-за воблака смяецца Зігмунд Фройд.Жыбуль як бы іранізуе з таго, што інтымны дзённік Багдановіча ў многіх выклікае большую цікавасць, чым уласна яго вершы.
Але што датычна самога Жыбуля, то наўрад ці што-кольвечы напісанае ім будзе цікавей за яго вершы. Бо гэта і паэзія, і гарэзлівасць, і гумар, і сарказм, і гульня, і моўная эквілібрыстыка, і зухаватасць – і ўсё разам у адным флаконе.
6280