Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Запіскі Самсона Самасуя

Андрэй Мрый

  • Аватар пользователя
    mbazulko12 сентября 2017 г.

    Мне цяжка судзіць аб тым, наколькі тыповым прадстаўніком савецкіх улад быў Самсон Самасуй, але яго дзеянні ў некаторай ступені аблічаюць тую сістэму, якая існавала напрыканцы 1920-х гадоў. Калі памятаеце, ішла палітыка беларусізацыі. І пакуль адны плённа займаліся развіццём культуры, адукацыі і мастацтва, другія карысталіся службовым становішчам і рабілі глупства.

    Самсон Самасуй з сялян, але для яго працаваць на зямлі - гэта калупайства. Ён лічыць сябе вучоным чалавекам, таму адпраўляецца ў мястэчка Шапялёўку працаваць адказным за развіццё культуры. Вось там мы і пачынаем знаёміцца з авантурамі.

    Чытаючы гэтую кнігу вы будзеце не проста ўсміхацца, а смяяцца ўголас. Андрэй Мрый майстар сатыры. Сваім колкім словам ён не абышоў нікога і нічога. Савецкія ідэалы так і засталіся ідэаламі, таму што ў рэальным жыцці людзі не заўсёды жаніліся, калі адзін аднаго кахалі, не заўсёды адпавядалі тым вобразам, якім павінны былі адпавядаць пры савецкіх уладах. Затое амаль заўсёды яны і слухаць не хацелі пра рэальныя праблемы рэальных сялян і працоўных. Людзі не згаджаюцца з прапановамі? Ёсць і на гэта рашэнне:


    За Трайкай яшчэ іншыя хвасцісты пасыпалі на маю галаву розныя ганебныя інсінуацыі і запытанні. Я паабяцаў арыштаваць Трайку як склочніка, і тады раптам усе супакоіліся. Я з гонарам гаварыў сваю заключную прамову, і рэзалюцыя была ўхвалена пераважнай большасцю.

    Успамінаць, чым займаўся тав. Самасуй я не хачу - надта шмат спраў. Нават сабак на вуліцы лавіў. Але больш за ўсё яму падабалася разважаць пра развіццё культуры ў мястэчку. У коле сяброў ці на сходах - усё адно: шмат агульных выказванняў, незнаёмых слоў, бессэнсоўных сказаў... Галоўнае, каб гучала прыгожа і ўпэўнена.

    Якой жа асветніцкай дзейнасцю займаўся гэты чалавек? Пісаў у газеты помслівыя лісты пра таварыша, прылюдна судзіў сябра за непартыйныя думкі, маляваў плакаты няпэўнай якасці, каб упрыгожыць вуліцы, падлізваўся да начальства, бясконца заглядаўся на дзяўчат.

    Нядзіўны спойлер: Самсон Самасуй дабіўся павагі і нават атрымаў новую пасаду на новым месцы. Паспрыяла гэтаму непрыемная эратычная гісторыя, з якой ён усё ж змог выпутацца героем.


    "Рэвалюцыя не бывае без ахвяраў",

    - разважае Самсон кожны раз, калі па яго ініцыятыве зноў і зноў адбываецца нейкі трэш.

    Але Андрый Мрый паказвае нам і іншыя бакі непрывабнай савецкай рэальнасці - ўсюль распутства, абыякавасць да іншых, перавярнутыя факты, дзіўныя ўчынкі ўлад...

    Напэўна, я не ўсё зразумела ў гэтым творы. Ці зразумела па-свайму, бо ў сваім лісце да Сталіна Мрый пісаў, што:


    Зусім не хацеў агітаваць супроць новага жыцця, супроць Савецкай улады. Я хацеў паказаць тыповага выскачку Самасуя, што прабіраецца з мяшчанскіх нізоў да вяршынь Савецкай улады, (...) сваімі дзеяннямі дыскрэдытуе Савецкую ўладу і дэмаралізуе еовае жыццё.

    Але пісьмо Сталіну так і не было адпраўлена, а пісьменнік за сваю сатыру атрымаў жорсткую кару.
    Зараз у нас ужо так бязлітасна не рэпрэсуюць, пра якога Самасуя ні напішы, але рэчаіснасць усё такая ж супярэчлівая, часам абсурдная, нават смешная, калі б не такая сумная...

    15
    977