Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Гэта Беларусь, дзетка! (Heta Belarus Dzietka!)

Мария Черякова, Марта Чернова, Черякова Маша

  • Аватар пользователя
    xbohx9 января 2017 г.

    Ідэя кнігі выдатная: паказаць замежнікам (а магчыма і некаторым беларусам) беларускую ўнікальнасць, распавесці пра асаблівасці культуры, традыцый, характару. Афармленне таксама апынулася даволі прыстойным (акрамя жудаснага шрыфту). Але, як і пісалі іншыя чытачы, кніга поўная стэрэатыпаў, а часам увогуле не вельмі зразумелых рэчаў. Дабіла мяне інструкцыя пра тое, як правільна карыстацца прыбіральняй (ну той, якая дзірачка ў падлозе).

    Здаецца, самі беларусы стварылі пра сябе стэрэатып, што яны "бульбашы", а цяпер крыўдзяцца, калі іх так называюць. Але гэта не самы горшы стэрэатып, таму з'яўленне ў кнізе главы "Бульба" абсалютна апраўданае.

    Добрыя главы пра інфляцыю і адключэнне вады летам, вось гэта сапраўды ўнікальныя беларускія з'явы. А вось глава пра грамадскі транспарт нагадала фільм жахаў. Так, наш транспарт у гадзіну пік — гэта не самае прыемнае месца, але ж усё не так катастрафічна, як апісана ў кнізе.

    Главу пра лесвіцы і ліфты таксама лічу абсалютна бескарыснай. Гэтыя рэчы дакладна не выяўляюць нашу беларускую ўнікальнасць, асабліва ў тым ключы, у якім яны пададзеныя ў кнізе. Ну а глава пра грошы ўжо стала неактуальнай у сувязі з адсутнасцю тых самых "мільёнаў", апісаных у кнізе. Так, на некаторы час расіяне, якія любяць прыязджаць у Беларусь на святы, перастануць фатаграфаваць беларускія грошы з подпісамі накшталт "усяго дзень у Беларусі, а ўжо мільянер".

    Глава пра беларускіх супервумэн павесяліла, бо тыповая беларуская жанчына — гэта хутчэй Лідка Ярмошына і Надзька Каткавец, але ніяк не тая супервумэн на абцасах, што дзейнічае паводле прыказкі "шыю, мыю, печ палю".

    Пра "чыста ды зелена" ўвогуле не хачу казаць, гэта першае і адзінае, чым можа апісаць Беларусь замежнік :) Хоць наконт "зелена" апошнім часам можна паспрачацца, асабліва ў цэнтры Мінску.

    Чытала кнігу не з мэтай дакапацца да якіх-небудзь дробязяў. Проста знаёмілася з тэкстам як звычайны чытач. Алё маё вока проста не магло не чапляцца за жудасную нявычытанасць кнігі. Ладна дзве-тры памылкі друку... Але тэкст усыпаны граматычнымі, арфаграфічнымі памылкамі. Часам аўтары нібыта ператвараліся ў майстра Ёду, і некаторыя сказы абсалютна гублялі лагічную паслядоўнасць. Каб не быць галаслоўнай, прывяду колькі прыкладаў. Паўтараю, я чытала не з мэтай пошуку памылак, проста чытала і адзначала тое, што моцна кідалася ў вочы (таму, безумоўна, адзначыла далёка не ўсе памылкі, але я і не рэдактар ці карэктар гэтай кнігі ;) ). Ну а рэдактарам і карэктарам беларускага тэксту стаўлю 1 бал. Наконт англійскага тэксту не магу сказаць нічога, з ім не знаёмілася.

    1) С. 13 "згодна жартаўліваму атласу" замест "згодна з жартаўлівым атласам". Відавочны ўплыў рускай мовы і няведанне адпаведнай беларускай формы.
    2) С. 38 "накірунак" — распаўсюджаная памылка, зліццё слоў кірунак і напрамак. Слова "накірунак" у беларускай мове няма.
    3) С. 38 у адным і тым жа абзацы сустракаюцца формы "жывеце" і "жывяце". Правільная форма другая.
    4) С. 39 "у параўнанне" замест "у параўнанні".
    5) С. 43 "нярвовы" замест "нервовы".
    6) С. 44 "з вакна" замест "з акна",
    7) Вельмі часта замест слова "ўключаць" ужываецца "ўлучаць".
    8) С. 46 "яблыны" замест "яблыні".
    9) С. 50 "пачакі" замест "пачкі".
    10) С. 66 фраза "варыць ваду" ўвогуле зламала мой мозг. Нацыянальная беларуская страва — вар голы.
    11) С. 77 "зцягніце" замест "сцягніце".
    12) С. 81 "трымя" замест "трыма".
    13) С. 89 "кампутарных" замест "камп'ютарных". Віват, тарашкевіца!
    14) Памылкі друку: бярозавм, рондоля, столе і інш.

    Калі падвесці вынікі, то гэтая кніга — дакладна не тое, што варта падарыць знаёмаму замежніку, прынамсі ў тым выглядзе, у якім яна зараз існуе. Ідэя даволі добрае, але вось над выкананнем яшчэ працаваць, у такім сырым выглядзе ранавата было выпускаць кнігу (і гэта я яшчэ не знаёмілася з англійскім варыянтам тэксту).

    12
    747