Логотип LiveLibbetaК основной версии

Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Вянок

Максiм Багдановiч

0

(0)

  • Аватар пользователя
    Ales_Moyski
    21 июня 2016

    У вянку цытат

    "Вянок" - адзіная прыжыццёвая кніга Максіма Багдановіча, як любяць казаць. Але яшчэ гэта адна з тых кніг, якую я перачытваў не адзін раз. Гэта кніга, якая можа стаць настольнай для каго-небудзь з вас, бо прыдатная на ўсе выпадкі жыцця. Кніга, пра якую можна казаць бясконца...
    Вырашыў звузіць рэцэнзію да цытацыі і падзяліцца з вамі цытатамі, якія я знайшоў у "Вянку". Пра творчасць Максіма Багдановіча часта кажуць у кантэксце сусветнай літаратуры, у які ён сам упісаў беларускую літаратуру. І праз цытаты ў тым ліку.
    Вось напрыклад, цытата ў вершы «Вечар»:


    Голас полем пракаціўся,
    У бары аддаўся:
    «А дзе ж тая крынічанька,
    Што голуб купаўся».


    Гэта цытата неатрыбутаваная, г. зн. у ёй не пазначана першакрыніца. У народнай песні заляцанне хлопца да дзяўчыны атаясамліваецца з купаннем у крынічцы. У зарослай крынічцы немагчыма купацца, таму і браць шлюб нельга. «Пра няшчаснае каханне / Нехта запявае»,– піша М. Багдановіч, а ў народнай песні пачуем: «А дзе тая крынічанька, / Што голуб купаўся, / А дзе ж тая дзяўчынанька, / Што я заляцаўся? / Ужо тая крынічанька травою зарасла, / А ўжо тая дзяўчынанька / За іншага пайшла. // Ой, я тую крынічаньку / Тыччым ператычу, / Да я сваю міленькую / К сабе паклічу. / (Да я сваю міленькую) / Чаўном перапраўлю, / А я сваю міленькую / К сабе перабаўлю». М. Багдановіч не знаходзіць выйсця для свайго лірычнага героя, як гэта зрабіла народная творчасць, але неатрыбутаваная літаратурная цытата дапамагае нам узнавіць змест «горкай песні» беларускага народа. А ва ўспамінах бацькі паэта мы даведаемся, што ён любіў спяваць гэтую песню з сястрой, бо гэта была маміна песня.
    Акрамя фальклорных цытат да неатрыбутаваных можна аднесці і цытаты са Святога пісання, якім таксама часта карыстаюцца беларускія паэты. У «Вянку» М. Багдановіч ужывае тэкст з «псальмы слічнай»: «Як той алень шукае / Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я». Але ён адзначае, што гэта тэкст псалтыры. Такім чынам цытата становіцца атрыбутаванай, тым больш у вершы «Кніга» паэт піша: «Кнігу гэтую раб божы, дзяк Гапон, / Дзеля душы спісаў у месце Ваўкавыску / У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён».
    Да атрыбутаваных літаратурных цытат звычайна адносяць эпіграфы, а таксама цытаты ў двукоссі і без двукосся з названай крыніцай.
    Вялікую колькасць эпіграфаў, напрыклад, у рускай літаратуры выкарыстаў В. Брусаў, а ў беларускай, напэўна, М. Багдановіч аказаўся першым, хто ў такой ступені карыстаўся літаратурнымі цытатамі.
    У «Вянку» М. Багдановіча выкарыстана 20 эпіграфаў, якія ахопліваюць паэзію не толькі пачатку ХХ ст., калі быў надрукаваны зборнік, але і ХIХ ст., і нават ХIV ст. Акрамя таго здзіўляе геаграфічная шырыня эпіграфаў, з дапамогай якіх М. Багдановіч цытуе вершаваныя радкі класікаў рускай (А. Пушкін, Я. Баратынскі, А. Фет, В. Брусаў), французскай (В. Гюго, Сюлі-Прудом, П. Верлен), італьянскай (Дантэ, Джавані), нямецкай (Г. Гейнэ), польскай (Ф. Жыглінскі) літаратур. Адметным з’яўляецца тое, што М. Багдановіч пакідае эпіграфы на мове арыгінала і толькі ў пазнейшых перадруках мы знойдзем спасылкі з перакладам на беларускую. Гэта яшчэ раз сведчыць не толькі пра паэтычны геній, але і здольнасць маладога пісьменніка да іншых навук, у першую чаргу лінгвістычных. Зразумела, што М. Багдановіч лічыў непатрэбным змяшчаць пераклад агульнавядомых радкоў, якія ён разумеў без слоўнікаў:


    O voi, сh’avete gl’intelletti sani
    Mirate la dottrina, сhe s’asconde
    Sotto’l velame degli versi strain.
    Dante. Inf. IX

    Паралелі, якія ўзнікаюць пры чытанні твораў з эпіграфамі, аўтаматычна прымушаюць задумацца пра беларускую літаратуру ў кантэксце сусветнай і адсылаюць нас да літаратурнай класікі. Згадаўшы класікаў літаратуры, М. Багдановіч зрабіў сам «Вянок» нацыянальнай класікай.
    Не можа пакінуць па-за ўвагай аўтар «Вянка» і айчынныя дасягненні ў галіне літаратуры, калі да верша «Летапісец» абірае эпіграфам радкі Я. Купалы:


    Усё прайшло, мінула
    Як і не было,
    У капцох паснула,
    Зеллем зарасло.

    .
    Гэтым эпіграфам паэт нібыта адкрывае зварот у мінулае ў «Летапісцы», таму купалаўская цытата выконвае ідэйную функцыю ў гэтым вершы.
    Эпіграфы, на самой справе, могуць выконваць шмат функцый, інфармацыйную і дыялагічную, напрыклад. Апошняя прымушае пісьменніка даць адказ аўтару цытаты. Змястоўная функцыя эпіграфа, якая раскрывае тэму і ідэю твора, адносіцца да інфармацыйнай, як і суб’ектыўная, што дае звесткі пра аўтара, і формаўтваральная, што тлумачыць кампазіцыю твора.
    Да формаўтваральнай функцыі варта аднесці эпіграфы, якія вызначаюць не толькі будову, але і жанравую прыналежнасць лірыкі. Творы з такімі эпіграфамі, безумоўна, наўмысна змешчаны паэтам у «Вянку» побач. Гэта эпіграфы Н. Буало («Беззаганны санет / варты адзін цэлай паэмы») і Ш. Сент-Бёва («Не смейся над санетам, / о насмешлівы крытык»), што з’яўляюцца вядомымі даследчыкамі санета, а таксама К. Фафанава («Красавец юный, Триолет»), які праявіў сябе сапраўдным майстрам трыялета ў рускай паэзіі.
    Больш таго М. Багдановіч сам даследаваў цэлы шэраг пытанняў у галіне літаратуразнаўства, у тым ліку вызначыў і сутнасць санетнай лірыкі: «Напісаны санет, быццам арэх-спарыш, павінен хаваць пад аднэй скарлупой два асобныя, хоць і шчыльна сціснутыя між сабой ядры».
    Калі эпіграф разглядаць у вузкім сэнсе як рамачны кампанент, то да гэтага паняцця падыходзіць і верш М. Багдановіча, змешчаны напачатку кнігі. Часта аўтары ў якасці эпіграфа абіраюць уласныя радкі:


    Вы, хто любіце натрапіць
    Між страніц старых, пажоўклых
    Кнігі, ўжо даўно забытай,
    Блёклы, высахшы лісток, –
    Праглядзіце гэты томік:
    Засушыў я на паперы
    Краскі, свежыя калісьці,
    Думак шчырых і чуцця.

    Гэты верш можна паўнавартасна назваць эпіграфам да «Вянка», бо ён нібы папярэджвае чытача з будучыні пра шчырасць сваіх пачыуццяў, што выяўлены ў «Вянку». Папярэджвае з надзеяй, што «моим стихам, как драгоценным винам, настанет свой черёд», кажучы словамі М. Цвятаевай, дарэчы, таксама ў 1913 г. Перагукаецца гэты верш М. Багдановіча і з эпіграфам да цыкла «Малюнкі і спевы»: «Этот листок, что иссох и свалился, / Золотом вечным горит в песнопеньи». Гэта радкі А. Фета з верша «Паэтам» (1890 г.), які ўжывае М. Багдановіч, каб таксама «схіліцца на каленях» перад класікамі і папрасіць дазволу скарыстацца іх вершаванымі радкамі. Перад тым жа А. Пушкіным:


    Цветы последние милей
    Роскошных первенцев полей.


    Дарэчы, многія вершы М. Багдановіча прасякнуты ідэяй зліцця чалавека з прыродай. І ў А. Фета адна з асноўных тэм – яднанне з прыродай. Менавіта там ён знаходзіць «светлое царство мечты», спрабуе пазбегнуць рэчаіснасці, як і ўсе паэты-рамантыкі ў пошуках свабоды. Гэты рамантызм адчуваецца і ў М. Багдановіча, менавіта таму ён абірае радкі А. Фета, дзе лірычны герой намаляваў умоўнае кола і не можа яго пакінуць: «Оглянись – и мир вседневный / Многоцветен и чудесен» – у якасці эпіграфа да верша «Прывет табе, жыццё на волі!..».
    Паэт адчувае музычнасць прыроды, таму яго вершы поўняцца асанансамі і алітэрацыямі («Зімой», «Завіруха» і інш.) Гэта яднае яго паэзію з імпрэсіяністычнай лірыкай П. Верлена, цытата з паэзіі якога была выкарыстана ў якасці эпіграфа да верша «Па-над белым пухам вішняў…»: «Музыка перш за ўсё». В. Брусаў, калі пракладаў верленаўскія «Рамансы без слоў», пакутваў, што словы ёсць, а рамансаў няма. Надзвычайная музычнасць і ў імпрэсіяністычнай паэзіі М. Багдановіча.
    Да цыкла вершаў «Старая Спадчына» М. Багдановічам быў падабраны ў сваю чаргу эпіграф з В. Брусава: «Мы зёрна древние лелеем, / Мы урожай столетий жнём». Гэты эпіграф яшчэ раз падкрэслівае невыпадковасць выбару аўтара, які меў пэўны літаратурны густ і ведаў кошт сваім вершам. Заснавальнік рускага сімвалізму, нараўне з А. Блокам і К. Бальмантам, В. Брусаў найбольш дакладна адлюстраваў думку, якая не пакідала таксама беларускага паэта. М. Багдановіч у вядомым санеце «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…» (гэтая зямля прыцягвала і В. Брусава ў вершы «Сустрэча»: «Близ медлительного Нила, там, где озеро Мерида, в царстве пламенного Ра…») развівае вобраз засохшага зернейка, што з’яўляецца сапраўдным сімвалам: «Вось сімвал твой, забыты краю родны! / Зварушаны нарэшце дух народны...».
    Сярод паэтаў-сімвалістаў распаўсюджаны былі дэкадэнцкія ідэі «заняпаду». Іх мы знойдзем і ў Ш. Бадлера, і ў В. Брусава, у якіх частымі з’яўляюцца вобразы, звязаныя са смерцю, так званыя могілкавыя матывы. Нездарма М. Багдановіч да нізкі вершаў «Места» абірае эпіграфам радкі В. Брусава, хаця большую цікавасць выклікае неатрыбутаваны эпіграф: «Учора на Мешчанскай вул. д. №17 атруцілася сінільным квасам І.І. Іванова. Прычыны самагубства невядомы». Ён змешчаны перад вершам «Дзве смерці», напісаным у лепшых традыцыях дэкадэнцкай паэзіі з «прабітымі жыламі на руках» і «мігдаловым горкім пахам» смерці. Эпіграф узяты з віленскай газеты, таму агульнавядомы факт для жыхароў горада, якому М. Багдановіч прысвяціў цыкл вершаў, не патрабуе спасылкі на крыніцу.
    Такім чынам, М. Багдановіч выступае не толькі паэтам-рамантыкам, паэтам-імпрэсіяністам, але і сапраўдным паэтам-сімвалістам свайго часу.
    Эпіграф дазваляе раскрыць дадатковыя сэнсы паэзіі М. Багдановіча, акрэсліць усю шырыню яго таленту. Літаратурная цытата не толькі дапаўняе нацыянальную сістэму вобразаў у творчасці паэта, але дазваляе яе разглядаць у кантэксце сусветнай літаратуры.
    P.S.: Рэцэнзія атрымалася больш падобнай да навуковага даследавання, але, спадзяюся, удалося раскрыць хоць бы некалькі новых фактаў пра ўсім вядомыя вершы. Не люблю рэцэнзій пустых, таму хацелася напоўніць водгук карыснай інфармацыяй і прымусіць чытача яшчэ раз перачытаць "Вянок", магчыма, пад новым ракурсам, у новым кантэксце.

    like5 понравилось
    5,4K

Комментарии

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.