Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Сотников

Василь Быков

  • Аватар пользователя
    xbohx19 июня 2016 г.

    19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся выдатны і сусветнавядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў.

    Яшчэ два гады таму я набыла гэтую кнігу, дзе змешчаная аповесць "Ліквідацыя" без цэнзуры і з каментарыямі. Але прачытаць вырашыла толькі зараз, бо ўласна аповесць я ўжо чытала, у галаве былі свежыя ўспаміны, а цяпер, праз два гады, настаў час для перачытвання аповесці з дадаткамі і каментарыямі.

    Спачатку пра адметнасці ўласна гэтага выдання: 190 старонак займае сама аповесць "Ліквідацыя" (больш вядомая ўсім пад назвай "Сотнікаў"), яшчэ 100 старонак — пасляслоўе Сяргея Шапрана (які і падрыхтаваў выданне), ну і рэшта кнігі — каментарыі, дзе мы можам прасачыць аўтарскую думку, як змяняў свой твор сам аўтар, бо маюцца некалькі чарнавых рукапісаў. Не ведаю, як іншым чытачам, а мне заўжды цікава прасачыць эвалюцыю аўтарскіх ідэй, як аўтар вагаўся над выбарам імёнаў для персанажаў, як педантычна будаваў іх дыялогі. Таму гэтае выданне карыснае для аматараў пакорпацца ў галаве аўтара :)

    Сам Быкаў так сфармуляваў асноўныя маральныя пытанні, што закранаюцца ў творы: "Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечых абставінаў? на што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?"

    Што ж сказаць пра сюжэт... Думаю, многія чыталі гэты твор яшчэ ў школьнай праграме, таму асабліва спыняцца на сюжэце не буду: два партызаны, Рыбак і Сотнікаў, выпраўляюцца на заданне, каб свайму партызанскаму атраду дастаць цёплыя рэчы, ежу, медыкаменты. І далей аўтар апісвае перашкоды, якія сустракаліся героям на іх шляху, ажно пакуль іх не злавілі паліцаі. Ну і канец усё ж пакіну без спойлераў, хаця з каментарыяў да кнігі я даведалася, што сярод магчымых варыянтаў назвы былі і тыя, што адразу адкрывалі б амаль цалкам інтрыгу фінала. Магчыма таму аўтар і пакінуў больш-менш нейтральную назву "Ліквідацыя", хаця савецкая цэнзура яе не прапусціла, і твор да нас дайшоў пад назвай "Сотнікаў". Увогуле цэнзура зрабіла ў творы больш за 100 купюр, і ў гэтым новым выданні ў нас ёсць магчымасць пазнаёміцца менавіта з тым творам, які да нас хацеў данесці аўтар.

    Прызнацца шчыра, я не люблю ваенную літаратуру, мне ніколі не было цікава чытаць усе гэтыя оды вайскоўцам, чырвоаармейцам, якія савецкія аўтары ператваралі ў эпапеі на шмат старонак. Але Быкаў не з такіх пісьменнікаў. Ён разумеў, што для апісання вайны і ўсёй яе бесчалавечнай сутнасці не патрабуецца вялікі аб’ём твора, у яго не было прэтэнзіі на маштабнасць. Ён браў невялікі эпізод, часцей за ўсё сведкам якога быў сам, і апісваў яго такім, якім бачыў. Быкаў паказаў нам, што ў вайне няма нічога гераічнага, калі чалавек забівае чалавека. Таму я люблю Быкава не за апісанні подзвігаў савецкіх салдатаў, а за праўду, за шчырасць, за смелыя разважанні.

    13
    777