Рецензия на книгу
Пазл
Валер Гапееў
SashaLesnik3 июня 2025 г.1000 элементаў
Жыццё складаецца з маленькіх элементаў. Такіх маленькіх, часам незаўважных элементаў. Сёння ты не звярнуў увагі, а заўтра тваё жыццё пайшло ў другі бок з-за дробязі, якая была ўчора. Нават калі камар укусіў - і гэта можа быць фатальным заўтра. Калі ў нас нешта здараецца, добрае ці дрэннае, бывае мы задумваемся аб тым, што гэтага магло не быць, каб нешта не адбылося раней. Прыблізна пра гэта і апавядае кніга.
Раман складаецца з "пазлаў". Маленькіх сітуацый з жыцця. Вось хлопец збіраецца ажаніцца, вось нейкі начальнік другому начальніку за паслугу дапамагае з дрэвам на дачу, вось нейкі клешч паўзе па траве... Спачатку цяжка зразумець, што ўвогуле ўсё гэта азначае. Нейкія розныя людзі, не звязаныя адзін з адным, ці ёсць паміж імі якая-небудзь сувязь... Але потым ты ўспамінаеш, што чытаеш пра "Пазл", таму абавязкова ўсе падзеі павінны неяк скласціся. І сапраўды гэта так. Усе героі кнігі нейкім чынам уплываюць адзін на аднаго. Нават прыбіральніца з вядром і трапкай, у якой амаль няма словаў у кнізе, адным штуршком мяняе жыццё чалавека.
Цяжка сказаць, хто з'яўляецца галоўным героем кнігі. Магчыма, гэта мужчына, сын якога ляжыць у бальніцы у цяжкім стане. Сына пакусаў заразны клешч, і пайшло-паехала. Да пакутаў чалавека прывяло шмат людзей. і той, хто выпісаў павестку ў армію хлопцу. І той, хто адправіў маці хлопца за лекамі. І той, хто асудзіў бацьку хлопца за тое, што той захацей ведаць праўду.
І пакрысе тэма рамана мяняецца. Бліжэй да канчатка аўтар пытаецца ў нас - ці нармальна помсціць тым, хто не спецыяльна, але вельмі сапсаваў табе жыццё? Па-БіблейскамУ, па-сапраўднаму. Ці трэба радавацца таму, што той, хто зрабіў табе дрэннае, сам пакутуе ад нешчаслівага выпадка? Ці можа гэта справа Бога?
Раман напісаны простай мовай, чытаецца лёгка. Можна здымаць кіно нават. Ёсць смешныя моманты, ёсць вельмі цяжкія. Усё, як у сапраўдным жыцці. Але ад апошніх старонак я чакаў большага. Нейкага яскравага фінала, а замест яго шматкроп'е. 8/10.562