Рецензия на книгу
Каменданцкі час для ластавак
Алена Брава
ZhenyaMartynovich26 января 2015 г.На мой погляд, усе творы А. Брава вельмі аўтабіяграфічныя. Усе яе гераіні, іх погляд на жыццё – гэта свет вачыма аўтаркі. І самым яскравым прыкладам тут з’яўляецца аповесць “Каменданцкі час для ластавак”. Мы ведаем, што сама пісьменніца таксама, як і яе гераіня (або, лепей сказаць, гераіня таксама як і яе стваральніца), жыла на Кубе і гэта яна сама перажыла ўвесь гэты боль, цяжкасці, якія яна так добра апісвае ў сваёй аповесці.
“Праз свае творы А. Брава гаворыць нам, як не трэба жыць і не трэба кахаць. Гэта добра відаць ў яе дэбютнай кніжцы “Каменданцкі час для ластавак”, дзе на жыццёвы сцэнарый гераінь твора моцны ўплыў аказалі ўзаемаадносіны з маці. Як і ў іншых яе творах. Так, Вікторыя (“Імя Ценю – Святло”), Аля (“Тапіць дзяўчатак тут дазволена”) і нават Алеся (“Каменданцкі час для ластавак”) імкнуцца заслужыць увагу і любоў маці выдатнымі поспехамі ў вучобе і ідэальнымі паводзінамі, аднак гэта ім ніяк не ўдаецца. Незразумелыя і слабыя ў сваёй інакшасці, беззабаронныя перад рэчаіснасцю, гераіні спрабуюць прыняць існуючыя правілы жыцця, якія супярэчаць іх думкам, пачуццям і жаданням, але гэта не прыводзіць да станоўчых вынікаў. Аб’ядноўвае гераінь і жаданне пакінуць гэты “абрыдлы тэатр жыцця”. Увогуле, мастацкі свет А. Брава змрочны, беспрасветны. ” [36, с. 118]
Усе назвы твораў А. Брава (“Рай даўно перанаселены”, “Каменданцкі час для ластавак”, “Эфект прысутнасці”, “Менада і яе сатыры” і інш.) прасякнуты сімвалізмам, напоўнены сэнсам, яны быццам прыцягваюць да сабе сваёй арыгінальнасцю. Бо ёсць у іх нешта таямнічае, што хочацца разгадаць, пазнаць… - і таму нявольна хочацца пачаць чытаць, пачаць разгадваць.
Так, напрыклад, у аповесці “Каменданцкі час для ластавак” сімвалічна тое, што для таго, каб раскрыць вобраз жанчыны, яе лёсу, А. Брава выбірае менавіта гэтую цікавую птушку – ластаўку, а не якую-небудзь іншую. Не зязюлю, не галубку, не сінічку, а ластаўку!
Бо “ластаўкі могуць віць гнёзды дзе заўгодна…”
Так і некаторыя жанчыны вымушаны “віць” свае гнёзды амаль ні з чаго, думаючы пра сваіх “птушанят”.
А. Брава не верыць у лёс як нешта светлае для жанчыны, а наадварот лічыць, што жанчыны з самага нараджэння “асуджаныя на паразу” (у змаганні з уласнай адзінотай). Таму амаль у кожным творы А. Брава лёс гераінь трагічны, прадвызначаны, аўтарка не пакідае ім шансаў ні на шчасце, ні ўвогуле на жыццё . Гэта выяўляецца ў кожным яе слове, у кожным разважанні яе гераінь. Вось як, напрыклад, разважае галоўная гераіня Алеся Брава наконт жанчыны і яе лёсу: “Ты будзеш біцца грудзьмі аб пруты клеткі, грызці, як ваўчанё, жалеза пасткі, выць і разгойдваць сцены сваёй турмы. У дрэнныя хвіліны ты нават падумаешь пра тое, што калісьці…здзейсніла злачынства, няхай па неасцярожнасці, як пішуць у прысудах, бо ты была маленькай дурнічкай, якая шукала кахання і шчасця, і таму асудзіла яшчэ адну душу на жыццё (хіба не злачынства – нараджаць дзяцей у гэты свет, які ён цяпер ёсць? якім ён заўсёды быў?), - але тут жа і абвергнеш сама сябе: не, то было не злачынства, а – ахвяра, якую ты заўсёды прагла знайсці ў каханні да мужчыны, а зведала ў мацярынстве. На такую ахвяру ты асуджана самой сваёй жаночай сутнасцю…” [6, с 92]
Так, нават, гаворачы пра каханне гераіня дае яму безнадзейнае значэнне:
“Каханне – проста скрылёнак апельсіна пад нагамі натоўпу.”[6, с 61]
Дык, чаму ж такія блізкія чытачу творы А.Брава? Гэтае пытанне ўжо псіхалагічнага кшталту і той атмасферы, якая панавала ў жыцці (той час –СССР). Амаль у кожнай жанчыны было нешта падобнае ў жыцці: расчараванне ў каханні, цяжкасці, праблемы, якія адлюстраваны ў творчасці А. Брава.
“Быць жанчынай – гэта адначасова і пастка, і найвялікшае шчасце, бо толькі жанчына мае карані ў Сусвеце, толькі яна здольная перажыць пачуццё абсалютнага зліцця з іншай істотай – знітаванасці, дасягнальнай адно ў цяжарнасці, - і толькі яна здольная нарадзіць. Не яе віна, што яна нараджае ў свет, створаны мужчынамі…” [6, с. 92]
Такое адчуванне, што сама аўтарка ўвогуле ні ў што і ні ў каго даўно не верыць:
“На тым баку Сонца жыве Той, Хто даўно не глядзіць на нас. Што мы прачытаем у Ягоных вачах, калі Ён азірнецца? Агіду? Гнеў? Эмпатыю? Ці абыякавасць белага, некранутага снегу?” [7, с. 78]
Але ўсё ж такі А. Брава як пісьменніца дазваляе сябе некаторы жаночы аптымізм. Так, у творы “Каменданцкі час для ластавак” яе гераіня ўсё ж спадзяецца на іншы сцэнарый жыцця для сваёй дачкі.
Ці гэта зноў самападман? Той самы, на які здольная кожная з жанчын, каб хаця б у сваіх надзеях і марах адчуць сапраўднае жаночае шчасце…
Вікторыя Мартыновіч4924