Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

На росстанях

Якуб Колас

  • Аватар пользователя
    AnyaHmelnitskaya27 мая 2024 г.

    Лабановіч і не толькі

    Трылогія аднаго з найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў даўно ўжо зачапіла маё вока. Упершыню я сустрэлася з ёю, а дакладней з яе першай часткай «У палескай глушы», зразумела, у школе, калі мы праходзілі яе па праграме на беларускай літаратуры. Дарэчы гэта вельмі «цікава» і «разумна» прайсці толькі адну трэць усяго твора і складаць аб ім нейкія вывады. Памятаю, што першая частка мяне вельмі захапіла. Усё, што я так люблю ў літаратуры: старасвецкі каларыт, апісанне жыцця ў вёсцы тых часоў, гаспадарка і людзі. Сапраўды, я заўважыла за сабою, што мяне вельмі цікавяць творы, у якіх апісваецца жыццё савецкага чалавека, ёсць у іх нейкая чароўнасць. Вось так і атрымалася з кнігаю «У палескай глушы», хоць у мяне і было шмат пытанняў да галоўных герояў.
    Я нават не ведаю, з чаго пачаць сваё апавяданне, бо столькі ўражанняў і заблытаных думак засталося у мяне пасля гэтай кнігі. На жаль, не ўсе гэтыя ўражанні носяць прыемны характар. Але пачну, можа, з пабудовы твору. Яна зачапіла мяне тым, што я не бачыла прывычнай схемы, па якой працуюць звычайныя творы: завязка, кульмінацыя, развязка. Твор пабудаваны быў так, што паслядоўна апісваў падзеі, якія здараліся ў жыцці аднаго чалавека. Так, гэты чалавек жыве ў рэвалюцыйныя часы і змагаецца за сваю праўду, але гэтая акалічнасць не робіць яго жыццё у вачах чытача меней паслядоўным. Каб данесці сваю думку лепей, я прывяду прыклад. Я магу ўявіць сабе свой улюбёны твор у выглядзе матэматычнага графіка, дзе асноўная лінія, якая азначае падзеі і змены ў думках галоўнага героя, ідзе спачатку ўгару, а потым уніз і так можа быць некалькі разоў. У творы жа Якуба Коласа няма ніякіх узлётаў і падзенняў. Дакладней, можа і ёсць, але аўтар не акцэптуе на гэтым увагі і далей апісвае наступны дзень з жыцця свайго героя. Так, Андрэй (галоўны герой) робіць нейкія вывады і думае свае думкі, разважае аб жыцці, але гэта апісваецца так, нібыта ён проста гуляе і не робіцца нічога новага ў яго душы. Не магу сказаць, каб гэта пайшло твору на карысць, бо такая схема пабудовы добра працуе, калі гэты твор маленькі. Напрыклад, гэта зусім не перашкаджала першай частцы трылогіі (хоць магло здарыцца так, што у першай частцы ўвогуле болей дынамікі). Апошнія сто старонак усёй трылогіі мне даваліся вельмі цяжка і думала я толькі аб тым, каб хутчэй ўжо скончыць.

    пабудова трылогіі «На ростанях» пабудова іншых твораў

    Цяпер пяройдзем да галоўнага героя. Разважаць я буду толькі пра Лабановіча, бо апроч яго твор, на маю думку, не мае пастаянных герояў. Яны заўсёды змяняюць адзін аднаго і ні да каго не паспяваеш прызвычаіцца. Спачатку Лабановіч мне здаваўся звычайным чалавекам. Толькі думкі яго былі заўсёды заблытаныя, ён пераходзіў з адной крайнасці ў другую, пераскокваў з тэмы на тэму, і гэта таксама трохі стамляла. А бывала і так, што адну і тую думку ён мог пракруціць у галаве некалькі разоў і кожны раз рабіў розныя вывады. Але самае цікавае тое, што ўсе гэтыя разважанні, якіх было асабліва шмат у пачатку кнігі, не прывялі ні да якай справы. Не думаў ён пасля першай кнігі ні пра смерць, ні пра жыццё, ні пра дзяўчын. Быццам бы ўсе старыя думкі зніклі. Я буду разглядаць Андрэя Лабановіча у некалькіх сферах яго жыцця: Лабановіч і каханне, Лабановіч і сяброўства, Лабановіч і палітыка, бо ва ўсім герой паспеў мяне зацікавіць, а часам нават і расчараваць.
    Пачнем з кахання. У першай кнізе трылогіі вельмі многа ўвагі аўтар і сам герой зварачаюць на адносіны другога да дзяўчын. Гаворыцца, што Лабановіч іх бязмерна паважае, але часам баіцца падысці і пазнаёміцца, напрыклад. Ніколі ён нават у думках не абражаў дзяўчыну, а яе краса была для яго нечым святым. У сяле, дзе знаходзілася першая Андрэева школа, ён пазнаў трох дзяўчат і доўга думаў і выбіраў паміж імі. Уся гэта справа вельмі мяне весяліла, бо Андрэй быў падобны да дзіцяці ў моманты, калі думаў пра сябе: «не буду зварачаць на яе ўвагі, няхай падумае, што я не цікаўлюся ёю». Ён вельмі доўга не мог паняць, да якой з трох дзяўчын цягне яго найболей. Урэшце Андрэева вока пала на Ядвісю, якой, на хвіліначку, не было тады нават шаснаццаці год. Для мяне яна здавалася дзяўчынаю дзіўнаю, як і ўвогуле іх адносіны паміж сабой. У першы момант яна яго цалуе, у другі крычыць, што кінецца пад машыну, калі ён паспрабуе зрабіць тое самае. То яна кідае яму ў вокны кветкі, то гаворыць, што з іншай дзяўчынай яму будзе лепей. І гэтак далей, і гэтак далей. Такія паводзіны для мяне былі незразумелыя, а часам нават непрыемныя, а яшчэ больш дзіўным мне здаецца тое, што Лабановіча Ядвіся ўсё больш і больш захапляла гэтым. Але гэтае маладое каханне скончылася трагічна.
    Наступнай дзяўчынай, якая прыцягнула маладога настаўніка, стала яго маладая вучнёўка Лідачка. Ёй, як я зразумела, таксама не было шаснаццаці. З гэтай вучнёўкаю ў Лабановіча здарыўся не вельмі прыемны выпадак, пасля якога ён страціў значную частку маёй павагі да яго як да чалавека. Андрэй пачаў зварачаць на Ліду ўвагу яшчэ, калі яны афіцыйна былі настаўнікам і вучнем, а дзяўчына рыхтавалася да экзаменаў, якія потым здала з вялікім поспехам. Настаўнік, можна сказаць, што навязаўся ёй у рэпетытары падчас летніх вакацый. Ён нават не браў за гэтыя заняткі грошай, а Ліда дазналася аб тым, што яны будуць сустракацца некалькі разоў на тыдзень і займацца, зусім не першая (пацікавіцца, а ці патрэбна гэта было ёй — гэта для слабых духам). Тут трэба яшчэ дадаць, што і сама Лідачка пачала зварачаць на настаўніка ўвагу як на кавалера. Яна была тады яшчэ, можна сказаць, маленькая, таму такія пачуцці для дзяўчынкі — гэта натуральна. Дык вось, аднойчы, падчас такой самадзельнай лекцыі, Ліда пачала вітаць у аблоках і думаць аб сваім настаўніку, а не аб лекцыі, якую ён выкладаў. Лабановіч заўважыў гэта, а на пытанне, што здарылася, дзяўчынка засаромелася і ўцякла ў свой пакойчык. Лабановіч падумаў, што Лідачка дрэнна сябе адчувае, спытаў у яе пра гэта, а калі адказу не было, дык падышоў да ложка, на якім яна ляжала і пачаў яе цалаваць! Спярша ў шчаку, а потым і ў губы! Мне было прыкра гэта чытаць хаця б таму, што перад табой малая дзяўчынка, якая яшчэ не разбіраецца ў сваіх пачуццях, і дарослы настаўнік, які павінен быў у такой сітуацыі не карыстацца замяшаннем малой, а растлумачыць ёй, што гэта як мінімум няправільна. А самым брыдкім у гэтай гісторыі для мяне было тое, што Лабановіч яшчэ і зрабіў Ліду вінаватай ва ўсім. «Слухай, Ліда, хочаш вучыцца, дык вучыся, а свае капрызы трэба схаваць. А калі не хочаш вучыцца, дык так і скажы: я больш сюды хадзіць не буду». Вось ён, учынак дарослага чалавека. Малайчына! Зразумела, тады былі іншыя часы і можа нікога б не засмуціла, што Лідачка — яшчэ малое дзіця. Але не трэба было ўвогуле рабіць тое, што для яе магло быць непрыемным. Лабановіч паклапаціўся ў той момант толькі аб сабе. Заўважыў, канечне, што рабіць так больш не трэба, але і далей працягнуў думаць аб Лідачцы як аб «слаўнай дзяўчыне». Гэтая сітуацыя зрабіла на мяне вельмі моцнае і вельмі непрыемнае ўражанне (можа яшчэ і таму, што я ўявіла сябе на месцы Лідачкі), і з гэтага моманту я перастала мець асалоду з чытання. Шкада, што аўтар, відаць, і сам не ўбачыў у гэтым нічога благога і ніякай кары за свой учынак Лабановіч не пацярпеў (не лічачы той выпадак, калі Лідачка, ужо пасталеўшы, прыйшла наведаць яго ў астрозе і паведаміць аб тым, што яна выходзіць замуж).
    Самая цікавае тое, што аўтар закрануў гэтую тэму два разы і ўсё. Больш ён не хацеў развіваць яе, хаця ў кнізе «У палескай глушы» было столькі разважанняў аб дзяўчынках і аб каханні, што здавалася нібы гэта будзе адна з асноўных тэм твора. Будзе нейкая часовая туга аб дзяўчынах, якіх ён страціў, але яна будзе не вельмі глыбока паказана і хутка знікне.
    Цяпер настаў час для тэмы «Лабановіч і сяброўства». Сам герой вельмі кампанейскі чалавек і ўмее не толькі паненак забаўляць, але і заводзіць крэпкія, на ўсё жыццё знаёмствы. Першы я найлепшы сябар, з якім нас знаёміць аўтар, быў спачатку яго настаўнікам (розніца ў іх чатыры гады). Але іх шляхі разышліся з-за розных палітычных поглядаў і ўвогуле рознага разумення жыцця. І вось здавалася б, што я буду адчуваць, калі мой сябар, якога я ведаю ўжо некалькі гадоў з самага дзяцінства і які разумее мяне з паўслова, нечакана стане на процілеглую старану? Вядома, я адчую тугу, смутак, адзіноцтва і жаль аб тым, што разышліся нашы шляхі з тым, каго я лічыла адной з самых блізкіх для сябе асоб. Можа, я буду яшчэ адчуваць крыху крыўду за тое, што мой сябар не разумее мяне. Хутчэй за ўсё, гэты выпадак прымусіць мяне задумацца, а ці правільны шлях выбрала я? А ці сапраўды гэтая дарога вядзе к шчасцю? У Андрэя я пабачыла толькі малую частку ўсяго, што я пералічыла. Можа аўтар проста не палічыў патрэбным апісаць, як Лабановіч адчуваў сябе ў той момант, але гэтае здарэнне павінна было пакінуць хоць нейкі след смутку ў яго душы, хоць нешта там змяніць. Андрэй тады проста прамовіў: «Ок» — і пайшоў сабе далей. Больш яго сябар ніяк не з'явіцца ў думках Лабановіча ці ў яго ўспамінах. Можа не такім ужо крэпкім і сапраўдным было гэта сяброўства, калі сябры так лёгка развіталіся адзін з адным.
    Далей нас знаёмяць з Янкам, які сябраваў з галоўным героем яшчэ з часоў навучання ў семінарыі. Іх зноў аб'яднала агульная справа і агульнае гора (іх звольнілі з-за настаўніцкага з'езда). Увесь перыяд, пакуль Лабановіч шукаў новае месца ў жыцці, Янка быў побач з ім і шукаў разам. Яны часта наведваліся адзін да аднаго, жартавалі, гулялі разам і некаторы час нават жылі ў Андрэевай хаце. Сам аўтар як бы гаворыць нам, што перад намі сапраўдныя сябры, нават браты, якія гатовы ратаваць адзін аднаго ў цяжкай сітуацыі. Але вось, надышоў час, калі Лабановіча адправілі пад суд і з таго моманту Янка знік з яго і нашых вачэй. Ні слова пасля не было аб Янку, ён нават не пісаў лістоў да Андрэя, калі той тры гады сядзеў у астрозе. Ужо калі надышоў час развітацца з астрогам, Андрэй падумаў, што хоча знайсці Янку і паглядзець, які ён цяпер чалавек, запытаць, чаму ад яго не было ніводнай весткі за ўвесь гэты доўгі час. Але кніга канчаецца раней, чым Лабановіч ажыццяўляе свой намер. І вось цяпер у мяне пытанне: нашто ўвогуле быў тады гэты Янка? Каб герой не чуў сябе пакінутым пакутнікам? Каб ён меў аднадумца побач? А нашто тады было «забіваць» Янку ў канцы кнігі і нават не паясняць, што з ім здарылася. І самае цікавае тое, што Андрэй аб сваім сябры падумаў толькі два разы за той перыяд, калі Янка знік з яго вачэй. Не вельмі ўразіла Лабановіча тое, што сябар проста перастаў да яго пісаць і цікавіцца яго жыццём. Быццам гэта зусім не зрабіла ніякай змены ў яго душы. Таму што кожнаму з нас абыякава, калі блізкі наш сябар знікае з нашага жыцця зусім нечакана. Такім чынам выявілася, што Янка Тукала быў непатрэбны ў кнізе персанаж і ўвогуле вельмі дзіўна ў трылогіі апісаны адносіны Лабановіча да сваіх сяброў (я маю на ўвазе толькі тыя моманты, калі яго сябры знікаюць з кнігі). Лабановіч таксама набыў сабе сяброў, пакуль быў у зняволенні, але пра іх далейшы лёс як сяброў ніхто нам не раскажа.
    І апошняя тэма, якую я хацела б закрануць гэта адносіны Лабановіча да палітыкі. У першай частцы трылогіі Андрэй не вельмі цікавіцца грамадскаю дзейнасцю свайго краю, але потым гэтая тэма ўсё больш і больш яго зацягвае. У другой сваёй школе Лабановіч пачынае збіраць вакол сябе сялян, якім не падабаецца царскае самаўладства, праводзіць «заняткі для дарослых», размаўляе з імі і г.д. Але адзін факт мяне здзівіў: я толькі бліжэй к сярэдзіне дазналася, што Лабановіча хвалюе менавіта яго краіна, што ён не толькі рэвалюцыянер, але і патрыёт. Гэта адзіная маленечкая заўвага, якую я знайшла па гэтай тэме, у астатнім пытанняў тут не маю. Аўтар таксама кранае некаторыя сацыяльныя праблемы. Напрыклад, неадукаванасць сялянства, але гэтыя праблема ніяк не адбіваюцца на жыцці галоўнага героя, хаця гэта магло б зрабіць твор цікавейшым і дадаць яму крыху маральных праблем, якіх у творы быццам бы зусім няма. І гэта таксама дзіўна, бо наўрад ці хто-небудзь застаўся бы абыякавым да таго факта, што яго асуджаюць на тры гады зняволення ў астрозе. А вось Лабановіча, здаецца, гэта амаль не закранула.
    Што магу ўвогуле сказаць наконт гэтага твора? Сапраўды спадабалася мне толькі першая кніга, але чым далей у лес тым болей дроў і чым больш я чытала, тым менш мне падабалася тое, што чытаю. Можа лепей бы я спынілася на першай кнізе. Твору быццам бы не хапае пачуццяў і дынамікі, бо ў ім паслядоўна апісаны падзеі, а вось што чуе герой у тых ці іншых цяжкіх абставінах, аўтар апускае. Але мае твор і плюсы. Зразумела, гэта апісанні прыроды: лясы, палі і рэкі. Гэта перадаецца цудоўна і, калі я чытала твор, перад вачамі адразу паўставалі знаёмыя і любыя сэрцу краявіды! Прычым герой зварачае ўвагу на тое, што часам прырода можа і адварочваць сваім убоствам і тужлівасцю, як у тым жа Цельшыне, напрыклад, але яна ўсё ж такі надзвычайная. Але нават цудоўныя апісанні прыроды не ўратоўваюць трылогію ў маіх вачах. Прачытаць я параіла б толькі першую кнігу.

    Содержит спойлеры
    7
    641