Рецензия на книгу
Die Enkelin
Bernhard Schlink
mishyna_unuka18 августа 2023 г.Асэнсаванне нямецкага мінулага рознымі пакаленнямі немцаў - цэнтральная тэма ў творчасці Бернхарда Шлінка.
Здольнасць аўтара паглядзець на гісторыю Германіі пад рознымі вугламі, намацаць балючыя кропкі ўражвае. Яго не задавальняе адназначнасць трактовак, ён спрабуе прааналізаваць і даследаваць агульнавядомыя дактрыны. Пры гэтым пісьменнік звяртаецца не столькі да канкрэтных гістарычных падзей, колькі да памяці пра іх.
Шлінк - юрыст па прафесіі. Відаць таму пытанні віны, адказнасці, абавязку з’яўляюцца вядучымі ў яго творчасці. Але іх ён часта раскрывае праз лінію "бацькоў" і "дзяцей". У рамане "Унучка" дадзеная лінія падоўжылася. Пры гэтым носьбітам гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцей выступае не маладое пакаленне, якое, быццам знаходзячыся на новым вітку гісторыі, рызыкуе паўтарыць памылкі сваіх папярэднікаў.
Стыль Шлінка вылучаецца сюжэтнасцю, стрыманасцю, падкрэсленай безэмацыйнасцю аповеду. Гэта мой чацвёрты прачытаны твор аўтара. І магу сказаць, што пасля дзвюх апошніх кніг адчуваю нейкае лёгкае расчараванне. Так, творы цікавыя, добра напісаныя, уздымаюць вельмі важныя і актуальныя пытанні, прымушаюць задумацца (пры ўсёй банальнасці гэтых фраз), але пры гэтым у мяне застаецца адчуванне нейкай спрошчанасці і павярхоўнасці (аўтар быццам падкапаў трохі і не стаў дакопвацца). Гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, выкліканае параўнаннем з уражаннямі ад рамана "Вяртанне" (пакуль лепшае, што я чытала ў Шлінка).
P.S. Я не чытала "Чытальніка".3417