Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

На прасторах жыцця

Якуб Колас

  • Аватар пользователя
    xbohx11 марта 2021 г.

    Сёлета спаўняецца 95 гадоў аповесці Якуба Коласа “На прасторах жыцця”, якая расказвае пра моладзь 1920-х гадоў. У наш час твор можа чытацца з меншай цікавасцю, чым тады, але ён важны для разумення эпохі, у якой пісаўся.
    Іван Навуменка ў літаратуразнаўчай працы “З глыбінь жыцця” адзначае, што “На прасторах жыцця” — гэта першы буйны твор Коласа на матэрыяле савецкай рэчаіснасці. Аповесць станоўча ацэньвае тое, што прынесла з сабой усталяванне савецкай улады.
    Гэта гісторыя жыцця хлопца і дзяўчыны, якія сталеюць і шукаюць сваё месца ў жыцці. Яны абодва вельмі цікаўныя, ім хочацца вучыцца, спасцігаць новае, глядзець на свет, таму яны з дома выпраўляюцца ў дарогу.
    Пісьменнік вырашыў паглядзець, які ён, новы савецкі чалавек, якія змены ў яго характар унесла новае грамадска-палітычнае жыццё. Таму і зрабіў герояў маладымі, актыўнымі, вырашыў прасачыць іх шлях з маленства. У пачатку твора галоўныя героі Сцяпан Барута і Алена Гарнашка яшчэ зусім дзеці.
    Часы прыйшлі новыя, улада ў краіне перайшла ў народныя рукі, але ўсё яшчэ засталіся людзі старых поглядаў, якія новае не прымаюць. Колас выступае супраць іх, бо лічыць, што прыватная ўласнасць і адсутнасць адчування калектыўнасці сапсавалі прыроду чалавека.
    Але калі разглядаць мастацкія вартасці твора, абстрагуючыся ад тэмы камуністычнага будаўніцтва, то ў ім шмат цікавага. Напрыклад, спосаб, якім Колас апісвае герояў. Ён нібыта выступае ў якасці старэйшага таварыша, таму не проста апісвае характары ці знешнасць герояў, але і дае ім уласную эмацыйна афарбаваную ацэнку. Яму падабаюцца гэтыя энергічныя маладзёны, ён нават трошкі зайздросціць іхняй маладосці, хаця яму самому на момант напісання твора было крыху больш за 40.
    Перад героямі паўстае пытанне, чым займацца пасля школы. Пытанне актуальнае і цяпер, бо наша адукацыйная сістэма пабудаваная даволі дзіўна. Ты толькі скончыў школу, табе 16-17 гадоў, як цябе тут жа прымушаюць рабіць адзін з самых важных выбараў у жыцці: выбар прафесіі, выбар справы, якой будзеш займацца далей. Таму перад Сцяпанам сапраўды стаіць даволі складаны выбар. Ён накіроўваецца вучыцца на рабфак у горад, які шмат у чым зменіць ягоны светапогляд.
    Бо не ён адзін такі накіраваўся ў сталіцу. Ва ўніверсітэты Менску ехала моладзь з усіх куткоў краіны, і ўсім ім трэба было даць прытулак, вучыць, апранаць, карміць.
    Але ж у горад неабавязкова ехаць, каб там застацца, бо трэба памятаць пра родны куток. Набыў веды ў горадзе — варта цяпер вяртацца ў вёску, каб дапамагаць ёй, прымяняць атрыманыя веды.
    Гэтым творам Колас сцвярджае неабходнасць выгадаваць новага савецкага чалавека, які будзе будаваць камуністычную дзяржаву. Такія часы былі, змены ў грамадска-палітычным ладзе прынеслі ў літаратуру новыя тэмы, і творцы мусілі адпавядаць патрэбам часу. Праўда, цяпер падобныя творы чытаюцца з іранічнай усмешкай.

    11
    583