Отзывы о книге Віно адзінокіх

  • Аватар пользователя
    Aksana81
    20 августа 2012

    Аксана Бязлепкіна

    Пад абарону традыцыі

    Міхась Башлакоў. “Віно адзінокіх”. Лірыка. “Літаратура і мастацтва”, 2011.

    Ці мусіць паэзія адлюстроўваць пачуцці? Абавязкова. А ці гэтых пачуццяў дастаткова, каб творы сёння ўспрымаліся за паэзію? Менавіта сёння, у пачатку ХХІ стагоддзя? Верагодна, ужо не. Усе тыя слупы, на якіх трымалася класіка ХІХ і ХХ стагоддзяў (талент, праца, начытанасць) раптоўна сталі недастатковымі.

    Сёння ў творчым спаборніцтве – няхай даруюць мне паэты паўспартыўную аналогію – перамагае пры іншых роўных умовах той, хто мае стратэгію. Самае крыўднае, пэўна, у тым, што перамога мала залежыць ад якасці паэзіі, але адсутнасць стратэгіі ў наш час сінанімічна дыскваліфікацыі. Менавіта з такога канцэптуальнага гледзішча цікава глядзець на сучасныя выданні. Кніга лірыкі Міхася Башлакова “Віно адзінокіх”, выдадзеная да 60-годдзя пісьменніка, адразу інтрыгуе: у ёй няма вершаў, прысвечаных Чарнобылю, тых самых вершаў, за якія аўтар атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь (2009). Прычын можа быць многа (нядаўна выходзілі, хочацца пазнаёміць чытача з іншымі творамі, нежаданне быць аўтарам адной тэмы), але ўваход у творчасць пісьменніка можа адбывацца праз любую кнігу, і “Віно адзінокіх” страціла атрутную ноту.

    З кнігі паўстае надзвычай эмацыйны лірычны герой, уважлівы да прыродных нюансаў і настраёвых адценняў:

    З лістападамі, з лістападамі Завітаю я зноў сюды, Дзе ў сцюдзёную студню падаюць, Ціха падаюць жалуды. (“З лістападамі...”)

    Герой, захоплены прыгажосцю прыроды і ўласнымі перажываннямі з гэтай нагоды, блукае па лесе і не заўважае, што перыядычна выходзіць на тую сцяжыну, дзе ўжо быў. Вось яна, галоўная небяспека паэтаў, якія маюць любімую тэму. І герой апынаецца ў калаўроце: лес, лісце, рака, бакены, цягнікі, станцыя, лес, жалуды, рака, восень, цягнікі, журавы, лес, рака, цягнікі...

    І соснаў доўгі цень Кладзецца на дарогу. І дагарае дзень За парыжэлым стогам. І качак ланцужок На апусцелым плёсе. І кружыцца лісток, Як напамін пра восень. (“Задымлены касцёр”).

    Герой, несумненна, носьбіт сялянскага светапогляду:

    Як дзеўкі, травы пераспелі, Перастаялі, перамлелі На ўлонні ліпеньскіх лугоў. Касіць бы іх. Няма касцоў. На ўсю ваколіцу тры хаты... (“На ўлонні ліпеньскіх лугоў”).

    У прадмове да кнігі Юрый Фатнеў параўнаў паэтаў, якія шчыльна набівалі вершы інфармацыяй, і паэтаў, якія пакідалі месца для музыкі. Міхась Башлакоў пакідае ў вершах прастору для музыкі і паветра для вольнага дыхання:

    Бы юнацтва далёкага сны, Сон-трава на пагорках вясны... Захмялее мая галава: Пахне як сон-трава, сон-трава... (“Сон-трава”).

    Верагодна, лёс Міхася Башлакова як паэта-песенніка мог бы быць больш удалым: яшчэ не позна звярнуць увагу на яго творы. Напрыклад, цудоўным рамансам глядзіцца верш, які даў назву кнізе:

    Сеецца срэбным дажджом Рэха грымотных аблокаў. Вас пачастую віном, Церпкім віном адзінокіх. (“Віно адзінокіх”).

    Лірычны герой паслухмяна адзначаецца ў назаўжды модных вечных тэмах. Ён кажа пра мацярынскую любоў і адчуванне віны: “Рукі маці цалуем // Толькі раз... // ля магілы...” (“Рукі маці”). У любоўнай тэме герой традыцыйна пераймаецца неўзаемнасцю: Сэрца джаліць шкадаванне, // Што не мне збіраць твой мёд...(“Эх, рамонкі лугавыя”). Альбо мудра заўважае тую адрознасць, што не дазволіць быць разам: “Ты ўздыхаеш... // Я знаю, // Ты са мной не паедзеш. // Я Верхарна чытаю... // Ты зайздросціш суседзям...” (“А цягнік прагрукоча”).

    Гэта ўсё ўдалыя, трапныя радкі – і адначасова міннае поле. Калі пісьменнікі па поклічы душы і ў адпаведнасці са спецыфікай таленту абіраюць традыцыю, трэба памятаць, што гэта той шлях, які заасфальтавалі класікі. Шлях, які ў наш час не гарантуе пісьменніцкага поспеху, бо выпускаецца з-пад увагі тое, што па гэтым “асфальце” чытач ужо хадзіў у іншай, нават больш славутай кампаніі.

    Агледзеўшыся на “заасфальтаваным” лапіку, трэба займець смеласць на тое, каб шукаць свой шлях. У гэтым плане кніга Міхася Башлакова “Віно адзінокіх” складае дзіўнае ўражанне: творы размешчаны ў хараналаічным парадку, і ў пэўны момант здаецца, што аўтар намацвае ўласны шлях, бо яго талент перарос “заасфальтаваную” прастору традыцыі і колішнюю правінцыйнасць аўтара – і вось зараз выльецца некуды... Але аўтар разварочваецца – і вяртаецца на “асфальт”, пад абарону традыцыі, дзе ўтульна, дзе не трэба прымаць рашэнні і выбудоўваць новыя стратэгіі. І тады вершы-прысвячэнні Гомельшчыне, згадкі маленькіх гарадкоў, вёсачак, станцый, рэчак і іншых лакальных пунктаў выглядаюць не апяваннем малой радзімы, а парэнчамі для аўтара, якія ён асцерагаецца адпусціць: любіце мяне не за тое, які я паэт, а за тое, што я – ваш. Менавіта такі выбар аўтара, верагодна, абумоўлены біяграфіяй: несвоечасовымі магчымасцямі надрукавання твораў, доўгай адарванасцю ад сучаснага літаратурнага асяродку. Але ёсць у творах Міхася Башлакова афарыстычныя радкі, якія пераадольваюць любыя перашкоды:

    Думка незнарокам прамільгне: Хутарам становіцца Айчына... (“Вёсачка ці хутар Стары Млын?”)

    І хочацца дазволіць сабе гіперінтэрпрэтацыю гэтых трапных радкоў: Радзіма становіцца хутарам, калі мы выбіраем “асфальт”.

    * Кніга прадастаўлена Домам кнігі “Светач” (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11).

    like6 понравилось
    1K

Комментарии 0

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.

Комментариев пока нет

Комментариев пока нет,
ваш может стать первым