Гарэзлівы пацалунак
Ева Вайтоўская
0
(0)
Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.
Ева Вайтоўская
0
(0)

Як часта вы чытаеце падлеткавыя кнігі? Зразумела, пытанне да тых, хто з гэтага ўзросту ўжо выйшаў. Многія людзі перастаюць чытаць такія творы, калі становяцца дарослымі, але ж для мяне дзіцячая і падлеткавая літаратура — гэта добры спосаб адпачынку. Калі надакучваюць сур’ёзныя дарослыя кнігі з іх сур’ёзнымі дарослымі праблемамі — можна занурыцца свет, з якога сам, здаецца, не так даўно выйшаў.
Таленавітая беларуская паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч вырашыла крыху перакваліфікавацца, і пасля сур’ёзнай дарослай эпісталярнай паэмы “Сарматыя” выдала захапляльнае падлеткавае чытво. Праўда, пад псеўданімам Ева Вайтоўская, бо кніга адрозніваецца ад напісанага Марыяй раней.
Вокладка ў стылі “манга” ў кнізе не проста так: твор заснаваны на сюжэце аднайменнай японскай мангі, якая выходзіла ў 90-х, але не была скончанай праз заўчасную смерць аўтаркі Тада Каору. Зусім не цікаўлюся мангай і анімэ, таму нават не ўяўляла, што гэта за твор такі. Вікіпедыя паведаміла, што гэтая манга-серыя была сапраўды неверагодная папулярнай у Японіі: выдавалася, чыталася, экранізавалася. Але супакою, што кніга выдатна чытаецца і без гэтых ведаў, бо аўтарка перанесла гісторыю ў сучасны Мінск. Сюжэты двух твораў сапраўды супадаюць, але думаецца мне, што беларускі чытач з большым задавальненнем пазнаёміцца з гэтай гісторыяй на беларускім матэрыяле.
Нехта скажа — плагіят, але гісторыя тут зусім не новая, бо існуе мноства падлеткавых твораў, якія пачынаюцца з таго, што звычайная дзяўчына закахалася ў найпапулярнейшага хлопца школы. З такога банальнага сюжэта Марыя змагла зрабіць яркую кнігу, ад якой нават дарослая я не магла адарвацца.
Вучаніца выпускнога класа Соня Сінічка закахалася ў зорку школы, Максіма Статкевіча з паралельнага класа. Выдатнік, спартсмен, сын заможных бацькоў. Чым яго можа зацікавіць далёкая ад спорту, невыразная троечніца? Якая яшчэ і без жытла засталася ў выніку няшчаснага выпадку. Але жыццё сутыкае Соню і Максіма самым нечаканым чынам.
Як жа шмат эмоцый выклікае гэтая кніга. Яна даволі аб’ёмная, больш за 400 старонак, але чытаецца на адным дыханні, нібыта глядзіш захапляльны серыял. Ні старонкі без падзей, вельмі дынамічна, бо героі пастаянна робяць нешта такое, ад чаго хочацца крычаць. Уварвацца ў кнігу і з вышыні сваёй “даросласці” ўсё там разруліць. Забываеш, што сама нядаўна была такой, і адчуваеш сябе той бабкай на лаўцы, што галосіць: “Наркаманы ды дзяўчаты з нізкай сацыяльнай адказнасцю”. Такіх у кнізе, на шчасце, няма, але бамбіць ад учынкаў герояў горача.
Праўда, з кожнай старонкай троечніца Соня выклікае ўсё больш сімпатыі, асабліва пасля таго, як аўтарка адкрыла нам гісторыю яе дачыненняў з літаратурай. А вось Статкевіч усю кнігу так і быў для мяне пафасным мудаком, хоць я і разумела, што не ўсё з ім так проста.
Карацей, калі маеце пад рукой падлетка, якому можна падсунуць гэтую кнігу, то смела гэта рабіце. Падлеткі тут у распусту і алкагалізм не сыходзяць, і гадоў з 13 кнігу смела можна пачынаць чытаць. Нават калі вы дарослы, то не зашкодзіць адпачыць з такой кнігай, перажыць, магчыма, ужо даўно забытыя пачуцці і эмоцыі ад школьнага жыцця.
Марыя піша вельмі дасціпна, мова твора жывая і сучасная, падлеткам яна не будзе падавацца чужароднай.
А гэтыя мілыя гуманітарныя жарты!
Знаўцы беларускай літаратуры зразумеюць, чаму я смяялася з наступнага сказа:
З такім прозвішчам яму проста наканавана было стаць настаўнікам.
Прызнаюся, вельмі смяялася з жарту, які мае знаёмыя назвалі “баяністым баянам”, а я сустрэла яго першы раз і не магла спыніць рогат. Адзін з герояў купляе ў Кіеве футболку з партрэтам Рэнэ Дэкарта і подпісам: “Дзякую тобі, Боже, що я не Паскаль”. Зразумела, што жарт прыдуманы не аўтаркай, але дзякуй, што яна дадала яго ў кнігу, інакш гэтая геніяльная рэч прайшла б міма мяне.
У кнізе яшчэ мноства дробязяў, на якіх хочацца спыняцца, і я ўжо вельмі чакаю працяг, які абяцае апошні радок рамана. Магчыма, у ім былыя выпускнікі школы ўжо стануць студэнтамі. І больш за ўсё мяне цікавіць, ці патрапіць Соня на філфак.
Комментарии 0
Ваш комментарий
, чтобы оставить комментарий.