Рецензия на книгу
Радзіва "Прудок". Дзённік
Андрусь Горват
WolfsSeele16 мая 2020 г.Даўншыфтінг па-беларуску альбо Дарога дадому
Цікаўлюся ў бабы Гашы:- Тапаром будзе тапарэм?
- Тапаром будзе сякерай.
- Каго любішь?
- Люблю Беларусь.
- То трымайся.
Гэта не кніга, не дзённік, нават не пасты з сацсетак - гэта прызнанне ў каханні, так-так, менавіта ў каханні да Радзімы.
Я нарадзілася і 27 гадоў жыла ў Мінску, вёскі ў маім жыцці амаль не было, толькі так - да якіх далёкіх родных заскачыць на дзень. Да школы я нават не ўяўляла, што існуе такая мова - беларуская. Памятаю, як павінны былі напісаць сачыненне "Чаму я люблю беларускую мову", любіць ці не любіць ужо вырашылі за нас. Зараз жа я жыву ў сярэднім нямецкім горадзе (пасля Мінска амаль правінцыя) на ўскрайку, у 2 хвілінах ад бліжэйшай нямецкай вёскі. Але вы ведаеце, якія яны, гэтыя нямецкія вёскі - па беларускіх мерках гэта катэджы, а не хаты, некалькі крам, аптэк, рэстаранаў і аўтобус некалькі разоў у гадзіну, хоць сям-там можна пабачыць авечак ці кур. Іронія лёсу, што я чытаю гэтую кнігу, з'ехаўшы з Беларусі. А мо гэта той самы момант?
У гэтай кнізе ёсць усё патрэбнае, усе гэтыя простыя, але важныя рэчы. А калі там чагосьці няма, то падумайце, ці патрэбна яно на самай справе? І радасць, і гора, і шчасце ад таго, што адчуваешь сябе дома. Мноства рэчаў, якія зразумеюць толькі беларусы, гэта адна з тых кніг, якую нельга і немагчыма перакласці.
Не ведаю, што яшчэ сказаць і ці патрэбна гэта, бо часта маўчанне кажа больш за словы. Але раю гэтую кнігу кожнаму беларусу, асабліва тым, хто з'ехаў, хто пачувае сябе чужым, каму не хапае родных людзей і мясцін побач.
Гэта дзіўная неэфектыўная схема: хто хоча - не можа, хто не хоча - мусіць.
Ёсць тэорыя, што калі нешта варта зрабіць, то Космас дапамагае распачаць. Космас, я тут, і я ўважліва цябе слухаю.Цікава, як жыве Андрусь зараз?
Флешмоб 4/7
9915