Рецензия на книгу
Радзіва "Прудок". Дзённік
Андрусь Горват
maryia-shebanets27 декабря 2019 г.Вельмі радасна. І невыносна балюча
Спачатку я набыла кніжку каб падтрымаць земляка (і каб пафарсіць перад сябрамі з мясцовага кніжнага клуба). Маўляў, малайчынка, аўтар, пішы ісчо. Нават прабягуся па дыяганалі, хоць не надта давяраю ўсяму новаму. Гэтая рэч хоць бяспечнай падаецца - падумаеш, зборнік замалёвак ад хіпстара, што пераехаў са сталіцы ў вёску. Што тут можа быць такога?
А потым пачала праглядаць - і заліпла. Забывалася своечасова класціся спаць. Не адказвала на пытанні. Спачатку усміхалася, потым рагатала ўголас і зачытвала перлы няшчасным людзям, што здараліся побач. Час ад часу хутка працірала вочы, пакуль ніхто не бачыць. От жа Андрусік Іванавіч, улез у самую душу, каб ён быў здаровенькі. Але ж такі харошы, расцалавала б! І слова моцнага не баіцца, і ўсю прыгажосць моманту адным сказам выдасць, і з такога нечаканага боку зірне, што я б у жыцці так шыю не выкруціла.
Дачытала. Нарэшце завалілася спаць раней. І вось, ідуць хвіліны. Ідуць, каб яго, гадзіны. А я ўсё не сплю. А потым хтосьці выкруціў кран - і з вачэй палілася вада. Котка пачула, прыйшла ціхенька ды прыціснулася збоку, вуркоча, грэе. А вада ўсё ліецца - і скуль узялося столькі... Ліецца, пакуль галава перабірае назвы і імёны. Не Андрусікавы, свае. Баба Маня. Вёска Зарэчнае. Рачулка Наква. Могілкі. Імёны на помніках. Станцыя Княгінін. Лес Здорнік. Хата, хатка наша. Не, не наша болей...
Калісьці мне падавалася, што вось жа, напісала цэлую паэму пра вёску ды бабулю, у кніжку запіхала. Гэта ж, напэўна, дастаткова крута, гэта можна запісваць у выкананыя абавязкі? Што магла - тое і зрабіла. Хату ўжо не вернеш (якія мы бываем дурненькія ў дзяцінстве, што смеем марыць пра такое!), а так яна нібыта заўжды будзе - там, у кніжцы.
Але ж вада ліецца...
І тады прыйшлося шукаць, за што іншае зачапіцца, каб не апынуцца ў моры слёз, як тая Аліса. Успомніць: я ж будую хатку! Здабыла кавалак зямелькі, няхай не ў вёсцы, але ж гэта ўсё-ткі зямля. І жыць у хаце будуць мае дзеці. І, можа быць, яны хоць крышачку даведаюцца пра тыя карані, што працялі і раздзіраюць маё сэрца. Калі не пачуюць ад мяне, то, можа, хоць прачытаюць у маіх радках...
Мне яшчэ доўга не спалася. Цягалася на кухню, гартала сацсеткі, чытала самую нудную кніжку, каб хутчэй з ног зваліла. Але дыхаць было крышачку лягчэй.
Навошта я тут соплі развяла? Каб папярэдзіць: калі для вас вёска не пусты гук, чытайце асцярожна. Кніжка можа зрабіць балюча. Гарбаткі зялёнай заварыце папярэдне ці што вы там робіце, каб нэрв супакоіць. Але чытайце. Усё адно чытайце.
14807