Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Сядзіба

Алесь Аркуш

  • Аватар пользователя
    QuijadaColorific22 октября 2019 г.

    Нібы ў бабінай хаце

    Нібы ў бабінай хаце
    (Водгук на раман Алеся Аркуша “Сядзіба”)
    Полацак.Выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда”1917
    Кніг, якія хацелася б чытаць на белым свеце багата.А ў якіх хацелася б пажыць, прычым ва ўмовах сучаснай Беларусі, не адлятаючы за цёплае мора ці ў міфічную будучыню на іншую планету, амаль няма.
    Раман Алеся Аркуша “Сядзіба” менавіта такая кніга. Побыт суседнічае з містыкай,філасофскія развагі - з драматычнымі падзеямі,але пры гэтым няма пакручастай напружанасці ў сказах і словах, твор чытаецца лёгка, а чытач пад час чытва адчувае сябе хораша і нязмушана нібы ў бабінай хаце.
    Месца дзеяння – прыватная гарадзкая сядзіба ў старажытным Полацку, набытая гаспадарамі разам з сабакам.Падворак стаіць на беразе Дзвіны ў чароўным месцы, але,як высвятляецца, гэты лапік зямлі хавае нейкую трагічную таямніцу. Ды што дзівіцца: ці не ўся наша бацькаўшчына гэткая ж!
    Хаця вакол тае сядзібы – паўночныя краявіды гарадской ускраіны, рака ды гарысты рэльеф, а не памежная з Палессем пляскатая як блін роўнядзь з парослымі асотам паплавамі, скруткамі амялы на дрэвах ды паўсюдным бязлюддзем, я асвойталася адразу: спярша назірала за бойкаю між савою і крумкачом у садзе, праз колькі старонак ужо фізічна адчувала і каленне рук у няпаленай хаціне і сцюдзёнасць чугуннай качарэжкі, цяпло ад вуголля ў катле,амаль бедавала пасля заўвагі гаспадара пра разабраную частку столі : “Вой, цяперака хату не прапаліш – неба грэць толькі”, пагаджалася са словамі ягонага суседа: “Гарэлка – лепшыя лекі для хворага сабакі.”На сцвярджэнне гаспадара сядзібы: “ Побач са сваім домам абавязкова трэба мець раку.” Хацелася зрэагаваць словамі сваёй зямлячкі, клапатлівай бабулі: “Дзіцям рака не трэба, бо тады толькі і глядзі за імі, а яшчэ ж і зрабіць нешта хочацца.” Мяне не палохалі ані дзіўнае мармытанне з гарышча,ані неспадзяваныя сляды босых ног на расе,нават адчуванне прысутнасці істотаў паралельнага свету прымалася як дадзенае.Здаецца – каб пабачыла, што з туману выйшаў дзед у белым беллі дык павіталася б.Бо гісторыі пра вядзьмачыя чары мне змалку не ў навіну.
    Але адна справа дзівіцца з выбрыкаў нячысцікаў ці зданяў у якасці госця ці назіральніка. Іншая – мець ва ўласнасці сядзібу, на якой няма ладу ні з агародам, ні з ацяпленнем, самі сабою загараюцца свечкі,бразгочуць кілішкі ў стосе старых часопісаў знаходзяцца нейкія дзіўныя дзённікавыя запісы былога гаспадара, а колішняя гаспадыня прамаўляе : “Не зазналі тут шчасьця”.
    На працягу рамана ягоныя героі спрабуюць зразумець сутнасць анамальных з’яў, даць ім рады. Але гэтыя пошукі абароны ад уплыву істотаў паралельнага свету не замінаюць жыць напоўніцу: парадчыць гаспадарку, назіраць за палётам кірляў над Дзвіною, у думках вяртацца ў дзяцінства, дзе ад цябе нічога не засталося,прымаць гасцей, разам з сябрам мясцовым літаратарам Кастанам Навадворскім абмяркоўваць сюжэт ягонага гістарычнага дэтэктыву, прысвечанага славутаму кубку Стэфана Баторыя, разважаць пра таямніцы полацкай гісторыі.Неяк з самага пачатку чытання ў мяне не было сумневу - прывіды наўрад ці здольныя сур’ёзна нашкодзіць гаспадарам сядзібы.Бо ўменне герояў шанаваць і трымацца свайго, прычым рабіць не напружваючыся, па-дзіцячы радасна – найлепшая абарона ад нячысцікаў, як не круці – таксама тутэйшых істотаў. Узьняцца ўвечары на дах шматпавярховіка, каб зірнуць на родны горад,лежачы ў густой траве пад сакатанне конікаў гаманіць пра перавагі людзкога жыцця на азёрнай выспе, задумацца, якая рыбіна і птушка – твае ўлюбёныя – ці кожнаму даросламу такое прыйдзе ў галаву?
    Рачныя хвалі, расліны, жывёлы, птушкі, колеры вады і неба адыгрываюць у рамане даволі значную ролю, хаця доўгія апісанні прыроды тутака адсутнічаюць.Краявідам няма патрэбы адлюстроўваць настрой і памкненні людзей, бо рака і наваколле зьяўляюцца цалкам самастойнымі ці не галоўнымі героямі твору нароўні з гаспадарамі сядзібы.
    ”Сядзіба” – містычны твор.Але ягоная містычнасць зусім не такая, як у падлеткавых прыгодніцкіх аповесцях часоў СССР,дзе піянеры паўсюль палююць на шпіёнаў, а стражытныя скарбы пад кожным пнём закапаныя.
    Яна існуе ў звыклых рэчах, яна сузіральная, падобная да цяпельца ў грубцы, выклікае давер і ўражвае знітаванасцю са штодзённасцю. Нават у дзіцячыя ўяўленні мінуўшчыны пра начныя шпацыры бронзавага Леніна па пасёлку верыш, узгадаўшы, як некалі школьнікі з-пад Бабруйску казалі амаль тое самае пра тамтэйшы помнік героям- пераможцам.
    Аўтар раману не раскрывае да канца ўсіх таямніцаў, героі не маюць жадання даведацца пра ўсё да апошняё дробязі, бо немагчыма гэта ані ў кнізе, ані ў жыцці!
    Зрэшты і Леніна з пастаменту і ў старажытнага амулета ў гародзе знойдзенага і ў кубка Стэфана Баторыя на мой погляд доля падобная.
    Гістарычны дэтэктыў Кастана Навадворскага, гэтак жа, як і ўвесь раман цалкам, не зважаючы на жанр, не пазбаўлены філасофскай сузіральнасці.Ён зусім не глядзіцца падробкаю пад даўніну. Як у кожным дэтэктыве тут прысутнічаюць забойцы, ахвяры,сведкі, службовыя асобы і следчыя. Але тыповым крымінальным чытвом яго наўрад ці назавеш, хутчэй ён мае падабенства да даўняй гарадзкой легенды. Злачынцаў на лаве падсудных мы не ўбачым, узнагарода не знойдзе свайго героя.
    Пры ўсёй сваёй захапляльнасці і вобразнасці мовы “Сядзіба” падалася мне ўсё ж такі чытвом для сталых чытачоў з жыццёвым досведам. Вядома, падлеткі ды дарослыя, што не бачаць розніцы між легкадумнасцю і пазітывам, могуць таксама зацікавіцца, але сумняваюся што здолеюць зразумець.
    Сюжэтныя лініі “Сядзібы” не перакрыжоўваюцца і не сыходзяцца ў адно, так і застаючыся паралельнымі.Іх міжсобку лучыць хіба месца дзеяння –Полацкая зямля. Але лучыць настолькі моцна, што мажлівасці ўявіць іх у якасці асобных твораў не выпадае. Расповеды пра цяпершчыну і мінуўшчыну, людзей і зданяў, дэтэктыў і дзіцячыя ўспаміны кожныя па-свойму падцвярджаюць думкі выказаныя героямі рамана пра тое, што эпохі, змяняюцца, усё перайначваецца – людзі застаюцца такімі самымі,нішто зробленае не знікае ў нікуды бяз следу. І тычыцца гэта як гісторыі краіны, так і чалавечага лёсу.
    Перагарнуўшы апошнюю старонку “Сядзібы”,я ўрэшце даўмелася( хаця мо і не да канца, бо далёка ад вялікай вады гадавалася), чаму ля дому абавязкова мусіць быць рака – каб яе аксамітныя хвалі маглі вярнуць зданям тое, што людзям ужо не належыць.
    Барысік Таццяна.

    4
    221