Рецензия на книгу
Моя счастливая жизнь
Русе Лагеркранц, Эва Эриксон
xbohx17 октября 2019 г.У гэтым месяцы ў выдавецтве Koska выйшаў чарговы пераклад дзіцячай шведскай кнігі. Гэтым разам цудоўная гісторыя "Маё шчаслівае жыццё" ад пісьменніцы Роўз Лагеркранц і мастачкі Эвы Эрыксан.
Галоўная гераіня, маленькая Дзюнэ, збіраецца ісці ў першы клас, але вельмі хвалюецца, бо гэта новы вопыт, і дзяўчынка зусім не ўяўляе, што яе там чакае. Сапраўды, першы паход у школу для дзяцей становіцца стрэсам. Калі спачатку многія могуць паставіцца да гэтага з цікавасцю, бо нас адначасова пужае і прываблівае невядомасць, то пасля першых заняткаў дзеткі могуць адчуць нежаданне зноў там з'яўляцца. І гэта вельмі важны перыяд у жыцці дзіцяці, калі бацькі павінны быць побач і падтрымліваць.
Добра, што ў Дзюнэ ёсць тата і Кот, якія заўжды падтрымаюць.
Дзюнэ вельмі любіць лічыць усё, што робіць яе шчаслівай, і запісваць у спецыяльны сшытак, які атрымала ў школе. Вось гэтаму варта павучыцца многім дарослым, якія за сваімі праблемамі часам не заўважаюць простых рэчаў, якія прыносяць шчасце.
Кніга пра тое, што важна заўважаць самыя драбнюткія рэчы, якія дораць нам радасць. Каб потым у самыя цяжкія моманты хаця б гэтая драбяза вяртала нас у добры стан.
Абаяльныя ілюстрацыі! Асабліва мне падабаецца вось гэтая, дзе адлюстравана знаёмства дзвюх сарамлівых дзяўчатак.
На кнізе стаіць абмежаванне 6+, але думаю, што і крыху меншым ужо можна чытаць. Як адзін з этапаў падрыхтоўкі да школы :) Там ёсць сумныя моманты, напрыклад, калі нам паведамляецца, што маці Дзюнэ памерла. Але дзецям варта ведаць і пра такія рэчы. Тым больш увага на гэтым факце не завастраецца, і галоўная гераіня адэкватна ўспрымае сітуацыю, бо бацькі патлумачылі гэта даволі карэктна.
16831