Рецензия на книгу
Сцюдзены вырай
Віктар Марціновіч
Morra8 сентября 2019 г.Пакуль чытала раман, у галаве роілася шмат розных думак. І вось зараз я гляджу пустымі вачыма ў пусты ж экран і разумею, што распавесці штосьці пэўнае ды зразумелае пра "Сцюдзёны вырай" бадай што немагчыма - занадта асабістая, нават інтымная атрымаецца гутарка.
"Сцюдзёны вырай" - гэта раман для беларусаў і аб беларусах, раман, які будзе сапраўды зразумелы, здаецца, невялічкаму колу людзей. Таму не дзіва, што Віктар Марціновіч наўпрост выкінуў тэкст у сеціва - няхай гуляе, свайго чытача знойзде. Раман напісаны не дзеля грошаў ці славы, а ад сэрца, хаця пры гэтым відавочна добра сканструяваны. Так, ён у нечым наіўны (як, дарэчы, і "Мова") з усімі гэтымі кардонымі падпольнымі змагарамі і спецслужбамі, светлымі думкамі-марамі пра Радзіму, якую хаваеш у сэрцы, болем ад таго, як разбураюцца велічныя маёнткі, як знікае памяць пра знакамітых асобаў, як лепшыя заўжды апынаюцца недзе далёка, каб узбагачаць сваімі ведамі, сваім талентам Францыю, Польшчу ці Чылі. Але гэтая наіўнасць увогуле ўласціва бел.літу, такая нацыянальная асаблівасць. Так, навакольны свет у рамане выглядае вельмі змрочна, паранаідальна. Нават калі ўзгадаць падзеі, па слядах якіх раман і быў напісаны. Але ж мы прызвычаіліся дараваць мастацкай літаратуры нейкае перабольшчванне. Так, падчас чытання паўстае шмат дробных пытанняў: як? чаму? навошта?.. І галоўнае з іх зусім не дробнае, бо гэта падмурак усёй гісторыі - ды хто такая гэтая Наста, каб аб ёй так клапаціліся, каб для яе пошуку прыкладалі столькі высілак? Але, у рэшце рэшт, гэта не істотна. Чаму б гэтая гісторыя не пачалася (гэты чыннік вынесены па-за межы рамана), яна атрымалася шматмернай, глыбокай і, што вельмі істотна, сапраўды захапляльнай (бо, што б там не казалі крытыкі, літаратура павінна быць захапляльнай, інакш яна не мае сэнсу). Гэта гісторыя пра страту і здабыццё сябе і сваіх каранёў, гісторыя, шчыльна ўпісаная ў беларускі дыскурс. Гэта гісторыя пра каханне, якое здольна перагарнуць, перакрэсліць усё тваё папярэдняе жыццё. Гэта гісторыя пра тое, што праўд заўжды шмат і ў кожнага яна свая - у Насты і яе сяброўкі Крэйзі, у Джона Вілаў/Яна Вярбіцкага, у Івана/Янкі Пільняка і нават "Центра Информации и общественных связей" аднаго добра і сумна вядомага дзяржаўнага камітэта. Што вельмі значна - пры ўсёй сур'ёзнасці ўздымаемых пытанняў засталося месца для гумару і нейкай самаіроніі, якую не часта сустрэнеш у беларускіх аўтараў. І, нарэшце, асабіста я не магу не адзначыць геаграфію твора: Стамбул і Вільня - гэта вельмі істотныя кропкі майго ўласнага жыцця, тыя лакацыі, пра якія чытаеш з трымценнем у сэрцы, бо адразу ж пазнаеш дом з керамічнымі імбрычкамі, неверагодных памераў новыя раёны з аднолькавымі дамамі, чырвоную ад увагі турыстаў да сябе вежу, нахабных і ўсюдыісных чаек. І гэта не толькі стварае асаблівую атмасферу ці дапамагае зразумець нейкія дэталі сюжэту, але і дорыць нейкую настальгію па добрых старых часах падарожжаў.
Чаму не паставіла "выдатна", нават не буду спрабаваць патлумачыць (хіба што сябрам у прыватных гутарках), бо мы ізноў вернемся да першых радкоў. Але раман пакідае сапраўды добрыя ўраджанні і жаданне далей чытаць кнігі спадара Марціновіча.
24848