Рецензия на книгу
Голем
Густав Майринк
xbohx12 апреля 2019 г.“Голэм” — першы раман Майрынка, і ў ХХ стагоддзі ён стаў сапраўдным бестселерам. Ішла вайна, але чытачы прыхільна ўспрынялі з’яўленне такога немілітарызаванага твора. Загаловак кнігі адсылае нас да яўрэйскай міфалогіі, да істоты, волата, створанага з гліны для абароны яўрэйскага народа. Паводле легенды, яго зрабіў у Празе галоўны рабін. Таму можна назваць гэтую кнігу пераасэнсаваннем старой яўрэйскай гісторыі. Хоць Майрынк не меў прыналежнасці да яўрэйскай нацыі, але зацікавіўся іўдаізмам.
Гэта трывожная кніга, як і час, у які яна стваралася, калі свет быў у разгары вайны, і людзі не ведалі, што з імі будзе ў наступны дзень. Галоўны герой (Апавядальнік) у пачатку твора пераблытаў свой капялюш з чужым, на якім было пазначана імя “Атанасіус Пэрнат”, і цяпер ён перыядычна бачыць сны, у якім ён — гэты невядомы мужчына, рэстаўратар і ювелір з яўрэйскага гета ў Празе. У вобразе Пэрната ён вандруе па вуліцах Прагі, сустракаецца з людзьмі, чуе мясцовыя плёткі. Але ёсць нешта, што пужае Пэрната больш за ўсё — яму падаецца, што за ім сочыць Голэм. Гатычная атмасфера, містыка і ненадзейны апавядальнік ствараюць атмасферу трывогі, бо мы не можам давяраць галоўнаму герою і верыць, што ўсё так, як ён апісвае. Бо ён сам не разумее, што з ім адбываецца. Твор напоўнены сімваламі і загадкамі, і ўздымае перад намі пытанне дваістасці асобы.
Магчыма, калі б я прачытала кнігу перад сваёй вандроўкай у Прагу, то гуляла б потым па вуліцах горада зусім з іншымі адчуваннямі. Відавочна, у пошуках няўлоўнага Голэма.Беларускае выданне, на жаль, поўнае памылак і абдруковак, што, аднак, не перашкодзіла атрыманню задавальнення ад кнігі.
171,7K