Libido
Ільля Сін
0
(0)
Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.
Ільля Сін
0
(0)

Прачытаў я LIBIDO Ільлі Сіна і хачу сказаць, што больш прэтэнцыёзнай і пустой лухты не чытаў даўно. Мабыць нешта падобнае было ў “Сонечным чалавеку” Андрэя Дзічэнкі, але там апроч пафасу і награмажджэння механістычных метафар прысутнічаў сапраўдны экзістэнцыяльны жах і цягучая атмасфера абсурду, чаго ў творы Сіна няма зусім, хаця намёкі на гэта раскіданыя там-сям па тэксце.
Сусвет LIBIDO зборная салянка з позняга саўка, ліхіх 90-х, Данбасу і нават кіберпанку (пра гэта пазней). Дзеянне адбываецца ў нейкім умоўным постсавецкім горадзе, дзе існуе галоўная гераіня Марыя. Існуе, бо жыццём яе быт назваць цяжка, дый яна сама ўсю кнігу ад гэтага свайго існавання пакутуе. Уся гэта шэрасць хрушчовак, іржа дзіцячых пляцовак, шчарбатасць асфальту і камуністычныя ідалы з адламанымі канечнасцямі, уся гэта атмасфера абрыдлага постсаўка, падазраю, набіла аскоміну чытачам сучаснай літаратуры яшчэ ў 1980-я гады. Тое, што выглядала рэвалюцыйным і смелым у познім СССР, цяпер ў 2k19 такі ж пыльны нафталін, як соцрэалістыныя будні працоўных у кнігах савецкіх пісьменнікаў тае пары. У Сіна гэты нафталін рассыпаны па тэксце агромністымі кучамі: дзеці кідаюць у каналізацыйны люк гіпсавы бюст Леніна і там ён за гады перамешваецца з трупам кошкі – метафарызм мэйд ін юэсэса; бетонны правадыр указвае пяцярнёй на ларок з хот-догамі – больш свежых візуальных алюзій у Сіна для вас няма.
Каб хоць трохі дадаць актуальнасці Сін бярэцца ў тэксце апісваць падзеі, якія нагадваюць сітуацыю на Данбасе: палявыя камандзіры, бандыты, дабраахвотнікі, артылерыйскія залпы сярод спальных раёнаў. Усё гэта ідзе фонам унутраных перажыванняў гераіні, палову кнігі яна ў прынцыпе не зважае на гэтыя акалічнасці. Але калі ўсё-ткі зважае… Сцэна боя ў горадзе, дзе пасярод стрэлаў і ракетных залпаў па полі боя ідзе галоўная гераіня і яе нібы святую мінуюць усе гэтыя вогненныя завірухі, напісана з такім падлеткавым пафасам, што ў мяне нават пачаўся прыступ гішпанскага сораму, бо нешта падобнае я пісаў у 18 гадоў і перачытваць такое мне жудасна сорамна.
Лінія з сэкс-лялькамі ўведзена ў тэкст зусім штучна. Нібыта усё “тру” і па законах жанра кіберпанка: вакол постсаўковы “лоў лайф”, а людзі карыстаюцца “хай тэч” сэкс-робатамі , але ж зроблена гэта неяк таксама па-саўковаму. Для чаго увогуле патрэбныя гэтыя “сняжаны” (так аўтар агулам называе сэкс-робатаў), як бы зразумела – галоўная гераіня у мінулым здымалася ў порна і страціла працу з-за распаўсюду новай тэхналогіі, але, як мне здаецца, можна было б і па-іншаму зрабіць падводку да трагедыі былой порнаактрысы, чым прыцягваць за вушы фантастычную лінію.
Вы можаце сказаць, што гэта так і задумана, што гэта перформанс, малец, Сін зрабіў так спецыяльна і прочае, і прочае, але гэта кніга падалася мне настолькі дрэннай, што я рашыўся на на такое, што, бадай, ніколі раней не рабіў – я крэмзаў тэкст і пісаў пазнакі на палях шарыкавай ручкай наўпрост у папяровай кнізе. Не алоўкам нават, бо звычайна я шаную працу друкара, але не гэтым разам. Вось некалькі з тых пазнак:
- “Марыя …. будзе трэсціся ў перапоўненай маршрутцы.” - напэўна сусвет зляціць з восі, калі беларускі пісьменнік-канцэптуаліст напіша, што ягоны герой едзе ў паўпустой маршрутцы. Перапоўнены грамадскі траспарт, як паказчык шэрасці і ўбогасці жыцця героя - гэта штамп з вялікай літары Ш.
Таксама ў кнізе шмат паўтораў якія рэжуць вока: фраза “як галівудскія зомбі” паўтараецца два разы, кожная першая дзяўчынка ў тэксце мае “рабаціністы твар”, “забытыя героі працы” і “бетоныя правадыры” з’яляюцца то ў парку, то перад рынкам, то каля дома культуры. У двух суседніх главах факт пра тое, што гераіня ўмее спаць з адкрытымі вачыма кожны раз падаецца як нешта новае (то бок з папярэдняй главы мы ўжо ведаем пра гэтую здольнасць Марыі, а ў новай главе зноў пішуць “яна даўно навучылася спаць з расплюшчанымі вачыма” нібыта ў першы раз).
Шмат у тэксце супярэчнасцяў. Напрыклад , у адной часцы кнігі гераіня піша, што смерць не ўласцівая гэтаму гораду, а ў іншай аказваецца, што смерць стала надзённай праблемай гараджан. У горадзе перабоі з электрычнасцю, але гераіня дзень і ноч без перапынку глядзіць французскія фільмы. Людзям па тры месяцы затрымліваюць заробкі, але рынкі і крамы перапоўненыя пакупнікамі.