Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Рецензия на книгу

Пацеркі і кроплі

Надзея Ясмінска

0

(0)

  • Аватар пользователя
    maryia-shebanets
    16 января 2019

    Захаваць скарбы дзяцінства

    Дзівосная рэч атрымалася з гэтым краудфандынгам. Здавалася, атрымаецца невялікая кніжачка з незразумелымі малюнкамі, не на мой густ. Удзельнічала дзеля тэкстаў, цікава было пабачыць іх па-беларуску, ды і прачытаць усё цалкам хацелася. Цытаты ў сеціве шыкоўныя, але ж лепей ўсё разам пабачыць.

    Дык вось, атрымалася вялікая прыгожая кніга-альбом! Выглядае як каштоўны падарунак на любы выпадак. Вельмі прыемны бонус да доўгачаканых тэкстаў пра разумніка Хлопчыка. Але ж і гэта не ўсё. Аказваецца, усё там зразумела ў малюнках, калі бачыць іх надрукаванымі на вялізных аркушах ды разглядаць падчас чытання. І падабаюцца яны мне цяпер значна больш, гэткі сплаў мроі, дзіцячасці і гіпербалы. Ды й акрамя вялікіх каляровых малюнкаў ёсць тое, што люблю больш за ўсё: смешныя і быццам недарэчныя карандашныя малюначкі на ўсіх старонках, уплеценыя ў тэкст. Вось чым мяне можна ўраз перацягнуць на любы бок, незалежна ад наяўнасці там печыва.

    Але ж галоўнае ў кнізе - тэкст. Шмат хто ведае "Пацеркі і кроплі" па рускай версіі, а я вось цалкам прачытала толькі цяпер і па-беларуску. За вечар, як водзіцца. І магу смела сцвярджаць, што кніжка на любы ўзрост. Дзеці лёгка пазнаюць сябе, а можа, і навучацца чамусьці ад галоўнага героя. А вось для дарослых гэта ўжо сапраўдны пачак лекаў у цвёрдай вокладцы. Кніжка складаецца з маленечкіх замалёвак - думкі, сустрэчы, моманты з жыцця пяцігадовага хлапчука. Тут ёсць і сумнае, і светлае, а агульны настрой - такі светлы сум ці саланаваты свет, ад якога лёгка робіцца на сэрцы.

    Разумееце? Не надуманая яркасць колераў і вымушаная весялосць, а сапраўднае жыццё. Такога ў дзіцячых кнігах амаль не здараецца. Што цікава: звычайна ад кніжак пра дзяцей мне робіцца вельмі не па сабе, нават захварэць магу на дзень ці два, ці то ад злосці, ці то ад зайздрасці. А Хлопчык - ён такі свой, такі блізкі, ну як на яго злаваць. Толькі дзякаваць за адкрыцці і нанова паўтараць для сябе, выцягваючы з кішэні то пацерку, то кропельку:


    • Людзей-сцен няма. Бываюць толькі дзверы, закладзеныя цэглай.
    • Напэўна, чалавек - як швэдар. Унутраны бок заўсёды цікавейшы.
    • Чалавек можа ўсё, вось толькі не ўсюды.

    Ці вось гэта, найлепшае, што можна сказаць напрыканцы дня:


    Які цудоўны дзень! Мы сёння пра столькі маўчалі!

    А яшчэ Хлопчык мне нагадвае Маленькага Прынца. Зусім лёгка уявіць, як яны сустракаюцца, сябруюць, вандруюць па маленечкіх планетках. Хацела б я пачытаць такі красовер!

    like6 понравилось
    315

Комментарии 0

Ваш комментарий

, чтобы оставить комментарий.