Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Сядзіба

Алесь Аркуш

  • Аватар пользователя
    AlenaFendzch6 января 2019 г.

    “Усё самае істотнае здараецца нябачна, таемна…”

    На творчым рахунку 58-гадовага Алеся Аркуша амаль 10 зборнікаў паэзіі, 3 зборнікі эсэістыкі і 5 раманаў. Неабходна адзначыць моцную сувязь аўтара з Полаччынай, дзе ён жыве і працуе, і падзеі якой адлюстроўваюцца ў творах. Чацвёрты раман “Сядзіба” не з’яўляецца выключэннем, ён таксама прысвечаны ўлюблёнаму гораду, а канкрэтна ўласнай сядзібе на Запалоцці.
    Раман складаецца з дзвюх сюжэтных ліній, якія існуюць быццам бы самастойна, але аб’ядноўвае іх – Полацк і яго сутарэнні. Дзеянне першай разгортваецца на сядзібе галоўнага героя, дзе “жывуць прывіды” і адбываюцца розныя здарэнні. Другая сюжэтная лінія – гістарычны дэтэктыў пра тапелеца ў Дзвіне і пра пошукі кубка Стэфана Баторыя.
    Але перш, чым перайсці да разгляду сюжэтных ліній, звернемся да пачатку рамана: сава праследуе крумкача, іх бой парушае “суцэльную веснавую ідылію”. Галоўны герой спрабуе абгрунтаваць гэтае здарэнне: “Бо трэба мець сур’ёзную прычыну, каб праследаваць суперніка на такую адлегласць. Магчыма, чорны злодзей разбурыў гняздо савы. Тады сапраўды няма даравання”. І толькі, прачытаўшы раман, становіцца зразумелы сімвалічны кантэкст гэтай сцэны: няма даравання таму, хто разбурае “сядзібы”. А сядзіба – гэта не толькі “хата, якую купілі для Таццяны”, а і род Зяновічаў, і Полаччына, і краіна (“Як усё пераплецена на гэтай зямлі … Тысячы гадоў тут жылі людзі. Міналі цывілізацыйныя эпохі. Усё перайначвалася. І толькі людзі заставаліся тымі ж самымі, якімі і былі”), і праца мастака (“І толькі вынік працы, але такой працы, якая ператвараецца ў легенду, здольны захоўваць тваё імя ў стагоддзях”).
    Цікава і тое, што аўтар не дае імя галоўнаму герою. Алесь Аркуш падрабязна апісвае дзяцінства “безыменнага” з камічнымі сітуацыямі пра Леніна, барана, думкі… Адчуваецца, прыхільнасць аўтара да свайго героя, аўтабіяграфізм. Усе астатнія героі (Таццянна, Кастан Навадворскі, бабуля і інш.) намалёваны схематычна, “моцнымі штрыхамі”: род заняткаў, асаблівасці характару, што не перашкаджае ўспрыняццю галоўнай ідэі твора. Але дзякуючы другарадным персанажам раскрываюцца многія праблемы сучаснага грамадства: жыццё ў вёсцы; мастак і мастацтва; знішчэння культурнага пласта; рэлігіі; абыякавасць да працы і інш.
    Досыць яркім з’яўляецца і вобраз полацкага пісьменніка Кастана Навадворскага. У дыялогах з галоўным героем Кастан выступае філосафам: “Фінал – гэта аснова ўсяго твора”, “Бо што такое прывід? Гэта душа забітага чалавека, якая не знайшла вечнага спачыну. Якая блукае ў пошуку адпаведнага прытулку” і інш. З вобразам Навадворскага звязаны дэтэктыў пра кубак Стэфана Баторыя, бо менавіта пісьменнік стварае гэтую легенду. Але напрыканцы твора ў чытача разам з галоўным героем узнікае думка, а можа, сапраўды, гэты кубак існаваў? Загадка… Алесь Аркуш па-мастацку стварае дэтэктыў (а дакладней нуар): Кастан Навадворскі, быццам Шэрлак Холмс, сядзіць у крэсле, заплюшчыўшы вочы, і разгадвае таямніцу. Але ў адрозненні ад героя Артура Конана Дойла, Кастан Навадворскі сам стварае таямніцу і сам яе разгадвае.
    Памылкова было б лічыць дэтэктыўнай толькі гісторыю пра Івана Зяновіча і кубак Стэфана Баторыя, бо тое, што адбываецца на сядзібе ў галоўнага героя з’яўляецца не менш загадкавым. Каб не перагрузіць твор, які складаецца са 120-ці старонак, Алесь Аркуш абірае два шляхі разгадкі таямніц: дэдуктыўны (гісторыя пра род Зяновічаў) і індуктыўны (здарэнні на сядзібе), і чаргуе гэтыя сцэны. Моцны бок твора заключаецца і ў сутворчасці аўтара і чытача, перагортваючы старонкі, чытач сам пачынае кіраваць працэсам пошуку ісціны.
    Такім чынам, “Сядзіба” – раман з элементамі гістарычнага дэтэктыву, у якім гарманічна спалучаюцца мінулае і сучаснае. Чытаючы твор, адчуваеш любоў да сваёй малой радзімы і адказнасць за яе мінулае, сучаснае і будучае. Думаецца, што такія творы сёння патрэбныя, як нікалі, бо без ведання мінулага краіны не будзе будучыні. А аўтар кнігі “масавай” формай, лёгкай і зразумелай мовай заклікае шукаць ісціну, вывучаць гісторыю і ў ёй таксама імкнуцца да ісціны… .

    9
    400