Логотип LiveLibbetaК основной версии

Рецензия на книгу

Я прыду за табой у аўгусце

Каміла Цень

  • Аватар пользователя
    Аноним19 октября 2018 г.

    Праўда нечакана, што адной з найлепшых беларускіх кніг для мяне ў гэтым годзе становіцца твор, напісаны трасянкай? Але гэтая кніга па-добраму ўзарвала мне мозг і прымусіла рагатаць да слёз.
    Не пужайцеся тэксту з першых старонак, чытацца будзе непрывычна. Але старонцы на пятай гэтая шчырая споведзь кантралёркі грамадскага транспарту натуральна загучыць у вашай галаве голасам якой-небудзь знаёмай “жэншчыны з начосам” гадоў 50-60, якіх так шмат вакол. Галоўнае, каб не голасам кіраўніка дзяржавы.
    Зінаіда Юр’еўна думала, што ўжо шмат розных людзей бачыла, працуючы кантралёркай у транспарце, але мёртвы пасажыр ёй трапіўся ўпершыню. Яна жанчына актыўная, а яшчэ даволі кемлівая, таму там, дзе міліцыя не знаходзіць ніякага крыміналу, Юр’еўна распачынае ўласнае расследаванне.
    У кнізе ёсць усе структурна-кампазіцыйныя асаблівасці дэтэктыўнага жанру. Доказы адкрываюцца нам і галоўнай гераіні адначасова, аўтарка нічога не хавае, таму чытач таксама мае магчымасць паўдзельнічаць у расследаванні. А жыхарам Шабаноў і Ангарскай будзе прыемна пазнаць у кнізе родныя мясціны (той момант, калі ўніверсам “Байкальскі” для цябе не пусты гук).
    Каму праходзіць міма: адэптам сакралізацыі мовы; тым, для каго беларуская мова — не натуральны сродак камунікацыі, а музейны экспанат за шклом, з якога трэба асцярожна выціраць пыл (проста хвалююся за псіхіку гэтых людзей).
    Каму зойдзе: тым, хто ўмее ў гумар; усім, хто атрымлівае задавальненне ад песень, напрыклад, Разбітага сэрца пацана. Якраз можаце саўндтрэкам да чытання гэтай кнігі ўключыць іх новы альбом “Карняплоды любві”. “У мяне ёсць петушок — у цябе культурны шок”, — караценька радком з песні пра кнігу.
    І следуючы запаветам былога старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава — лупіце трасянкай.
    Прысвячаецца ўсім, хто таксама адчувае подых канца лета:


    у канцы аўгуста какое-та такое асобеннае састаяніе на душэ. Трывога какая-та. І не паймёш, аткуда.

    P. S. Кніга існуе толькі ў электроннай версіі. Купіць можна на сайце kniharnia.by .

    20
    850