Ты думаеш — лёгка мне, дзядуля, жыць з камком у горле… Калі пастаянна ў горле, тут, ні праглынуць яго, ні выплюнуць. Калі родныя бацька і маці не любяць, то які ж бліжні ўзлюбіць? Хіба толькі ты? Дзед? Я паклікаў цябе… (Да бацькоў.) Што? Яшчэ хочаце, яшчэ праўды чакаеце? Не боязна? Не–е! Не палохайцеся! Я вам праўды не скажу. I знаеце чаму? А вы мне праўду гаворыце? Адзін аднаму вы праўду гаворыце? Вось ты, тата, маме праўду гаворыш? А дачушцы сваёй? А мне? Чаму ты не скажаш нашаму міламу госцю, дзядулю нашаму, што ты цяпер пра яго думаеш?