
Современная белорусская литература: что читать? | Сучасная беларуская лiтаратура: што чытаць?
Morrigan_sher
- 354 книги

Ваша оценка
Ваша оценка
Магічны рэалізм па-беларуску, ці гісторыя аднаго дома на беразе Прыпяці і людзей, якія там жылі ці бавілі час. Магчыма, вы ніколі не чулі пра сям'ю Горватаў, якая калісьці жыла на Палессі. Але напэўна вы каштавалі ласункі вытворчасці "Чырвонага мазыраніна". Дык вось гэтае прадпрыемства заснаваў адзін з Горватаў - Эдвард.
Аўтар распавядае нам гісторыю сядзібы Горватаў. І ў гэтым апавяданні сучаснасць і мінулае пераплятаюцца. А ўсё астатняе лепей прачытаць самастойна. Незвычайная, прыгожая кніга, але на жаль за кароткая.

Андрэй Горват – аўтар, які не проста ўвайшоў, а літаральна ўварваўся ў топ сучаснай беларускай літаратуры з дзвюх ног. Ягонае “Радзіва “Прудок” дагэтуль чытаецца, перачытваецца і выклікае слёзы замілавання незабыўным вайбам палескай глушэчы. У 2018-м пабачыла свет “Прэм’ера” – другая кніга, якую чытачы сустрэлі не так цёпла. А сёлета выйшла аповесць “Дом”, якая падводзіць рысу пад удзелам аўтара ў праекце аднаўлення нараўлянскага палаца, ды і агулам пад ладным кавалкам жыцця.
ЗАВЯЗКА: упершыню Андрэй убачыў палац Горватаў у 2006-м, калі прыехаў у Нароўлю, каб правесці ноч у “доме з прывідамі” (ў сваё апраўданне аўтар піша, што тады яму было 23). Знявечаны часам і людзьмі, дом туліўся на беразе Прыпяці бы стары сабака, які калісьці быў прыгожым і любімым, а цяпер проста чакаў смерці там, дзе апошні раз бачыў свайго гаспадара. А ў снежні 2020-га ён падпісаў акт прыёму-перадачы палаца – дакумент, з якім мог ігнараваць шыльду “Посторонним вход воспрещён”.
“Дом” – найбольш сталая кніга Горвата, якая і самога аўтара раскрывае з новай глыбінёй. Вядома, фірмовы гумар нікуды не падзеўся (прыклады на выявах), аднак тут ён саступае месца грунтоўнай, руплівай прапрацоўцы гістарычнага матэрыялу. Што застаецца нязменным, дык гэта пранізлівая шчырасць, уласцівая Горвату ад самага пачатку (трагічны лёс ката Ромы з “Прудка” дагэтуль забыць не магу). Дарэчы, у “Доме” таксама згадваецца кот, якога Горват карміў, але ніколі не бачыў: кожны вечар насыпаў у міску корм, а назаўтра знаходзіў яе пустой. Я б назваў такога ката Валянцінам у гонар вядомага пісьменніка. А як іначай, калі ён ёсць, але яго няма?
Напісанне такой кнігі – гэта тэст на здольнасць стварыць паўнакроўны сусвет з нешматлікіх аскепкаў мінулага. Каб "ажывіць" сухія гістарычныя факты, Горват наўмысна сцірае межы паміж эпохамі, снамі і рэальнасцю. Чытач трапляе ў сусвет, дзе Эдвард Горват, апошні гаспадар палаца, прымае ванну, а побач адзін з валанцёраў распілоўвае балгаркай двухмятровыя шпількі на 16. Ідэя файная, аднак яе рэалізацыя зайшла мне не адразу, бо першапачаткова не дужа верылася ў такое суседства. Але потым, калі ўзяўся перачытваць, пазл канчаткова склаўся. Чым больш я паглыбляюся ў твор, тым больш гарманічнай мне падаецца яго пабудова.
Агулам можна сказаць, што ў Горвата атрымалася зрабіць жывое з нежывога. Праўда, часам тэкст усё ж прасядае пад грузам біяграфічных звестак другарадных персанажаў: трэба запаволіцца, каб разабрацца, напрыклад, хто такая цёця Гуся і чым яна адрозніваецца ад Эфігеніі (якраз іх я не блытаў, але ўсё роўна згадаў праз каларытныя імёны). Карацей, калі вы не аматар дэталёвых генеалагічных дрэваў, то месцамі можа быць нуднавата. Ну а канцоўка – у самае мурчала. Ведаю людзей, якія шчыра плакалі на апошнім абзацы, і згодны з імі.

Ён сцвярджаў, што «вялікапольскія жабы не ўмеюць квакаць», таму запусціў у сажалку жаб, якіх прывёз з Палесся.

Пра ўсе надпісы мы ўжо, напэўна, ніколі не даведаемся. Ніводны з іх не захаваўся. Аднак цягам апошняга паўстагоддзя на палацавых сценах з'явіліся новыя. Гэта сведчанні, што тут хтосьці быў, і прызнанні ў каханні, пакінутыя нараўлянскімі школьнікамі. Гісторый любові тут многа. Але адзін надпіс – «Нет в жизни счастья» – я знішчыў. Таму што гэта няпраўда.













