
Опять на снарка
Krysty-Krysty
- 43 книги
Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Ваша оценка
Ваша оценка
Перад намі дысертацыя, надрукаваная як кніга. Не тое каб гэта было дрэнна, але строгае паўтарэнне ўсіх належных частак з аглядам крыніц і нават метадамі даследавання аддаляе кнігу ад навукова-папулярнага жанру. Навуковасцю тэкст даступны для сярэднестатыстычнага чытача, але папулярнасці яму бракуе. І паколькі я не прэтэндую на тое, каб выступіць рэцэнзентам чыёйсьці кандыдацкай дысертацыі, я агучваю эмацыйныя ўражанні "простага" чытача, які набыў кнігу.
Эмоцыі мае пераважна пазітыўныя. Гэта сапраўды агляд развіцця астраноміі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэта тое, што абвешчана, што мне было цікава і што я атрымала. Так што ўсе мае наступныя заўвагі - гэта вечнае жаданне дасканаласці, калі ўжо маеш на руках добрае.
Найлепшай рэцэнзіяй - пераказам кнігі - выступае 4-старонкавае "Заключэнне" (аўтар яўна мае на ўвазе не "зняволенне", а "высновы"). Там сцісла і трапна акрэсліваецца, што першапачатковыя астранамічныя веды былі злітыя з міфамі і паганствам, праваслаўная царква даволі сувора ставілася да "навукі звяздарскай", выкарыстоўваючы ўсё ж яе для каляндарных вылічэнняў, а распаўсюджанне каталіцтва і пазней заснаванне ўніверсітэтаў (Віленскага) залучыла нашых продкаў у прагрэсіўны еўрапейскі навуковы дыскурс.
Першыя пару дзясяткаў старонак я не магла зразумець, пра які "каталіцкі хрост" ВКЛ ідзе размова пры поўнай адсутнасці нават слова "праваслаўе" - ці гэта наўмысная ўстаноўка аўтара, ці ён карыстаўся дзіўнымі перадузятымі крыніцамі. Нібы не было ні Рагнеды, ні Еўфрасінні, не засталося і сёння цэркваў 12 стагоддзя. У 14 стагоддзі на чысцюткую паганскую прастору прыйшоў каталіцкі хрост і ўзмахнуў чароўнай палачкай крыжам. Асабліва дзіўна стала, калі ўзнік (з ніадкуль) Сімяон Полацкі, праваслаўныя брацтвы, супрацьстаянне аднекуль праяўленай праваслаўнай царквы. У "Заключэнні" ўсё падсумавана адэкватна і карэктна. Але можна ж было і напачатку напісаць хоць адным сказам (нават пры асабістай эмацыйнай схільнасці да адной з канкурэнтных рэлігійных плыняў), што хрысціянства (праваслаўе) было, але не пранікала ва ўсе куткі вялікай тэрыторыі і саступала ў бітве светапоглядаў паганству.
Цікавыя апісанні астранамічных і атмасферных з'яў у даўніх дакументах (летапісах, хроніках), цікавая праверка іх праз сучасную праграму вылічэння зацьменняў і камет. Цікавы аналіз ілюстрацый у летапісах. Карцінак зашмат не бывае, і хоць я бачыла ўжывую знакаміты драўляны коўш з, магчыма, задыякальнымі малюнкамі, яго выява была б дарэчнай у кнізе, як і выявы старажытных інструментаў для назірання за небам. Цікава, што ў пэўны перыяд геацэнтрычная мадэль свету была прагрэсіўнай у параўнанні з ранейшай "камара-плоскасцевай". Некаторыя звесткі паўтараюцца, як гэта і бывае ў дысертацыях - тэкстах вельмі рытуалізаванага, то-бок рэграментаванага, стылю. Усё ж ідэал перфекцыяніста - узорна структураваная кніга Кастусь Цыркун - Над намі неба: міфы і паданні пра планеты, зоркі і сузор'і застаецца недасягнутым.
Пры ўсёй маёй цікавасці і пазітыве да кнігі, кожны раз, як я яе разгортвала, засмучалася да слёз (я не жартую, вочы пратэставалі!). Цвёрдая вокладка, добрая белая папера, паўнаколерныя ілюстрацыі ў дадатку... і катастрафічна малы шрыфт асноўнага тэксту. Не разумею такой жорсткай да чытача "эканоміі".
І прафдэфармацыя не магла не атруціць чытанне. Агрэхі з рэдагаваннем і карэктурай перыядычна змушалі падкіпаць. Не тое што спрэс дрэнная мова, не тое што пярэсцяць абдрукі - а менавіта недастатковы ўзровень. Канчаткі, суфіксы, асобны правапіс: палямічны, даследуемы, разглядаемы, вывучаемы, пазначаемыя, узровень залежыў, пры Казіміры, "прадстаўляе не толькі... але і асвятляе", "кажа не толькі пра... але і дадаткова сведчыць...", у адным сказе "гэты... гэты", "які... які...". Магу паставіцца з разуменнем да тэрміна "жыдоўствуючыя" (але не вымавіць яго), аднак жа чый гэта тэрмін, няўжо ім карыстаюцца ў сумежных дзяржавах навукоўцы? Нават прыведзеныя самім аўтарам цытаты з першатэкстаў паказваць, што яго можна мадыфікаваць: "жыдоўскае вучэнне", "жыдовін Скара" - то мо зразумелі б чытачы "жыдоўская ерась", "жыдоўнікі" плюс даць да першага выпадку ў дужках тэрмін па-руску.
І ўсё ж аўтар малайчына. Малайчына, што напісаў, што наважыўся выдаць, што кніга ладная, што прадае. Некалі атрымаем і каляровы сучасны альбом з ідэальнай мовай, багаццем малюнкаў і нязмушаным захапляльным аповедам - беларускі дом вырасце на суровым падмурку, закладзеным рупліўцамі.