Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі. Яе проза нязменна выклікае ў мяне ўсцешлівае адчуванне сваёй прысутнасці побач з аўтаркай - і тады, калі яна выпраўляецца ў дарогу па родным Падляшшы ці па беларускіх вёсках па той бок мяжы, і тады, калі кіруецца па Прыпяці па Нобель, і тады, калі падарожнічае ў прасторы і часе па абодва бакі Белавежскай пушчы. Новая кніга Ганны Кандрацюк та...