
Чым думаюць галоўныя героі, калі ў іх няма галавы?
Не магу вызначыцца, як успрымаць троп "зводныя брат і сястра". У свой час мне давялося вывучаць асновы сямейнага права, і падобнае не разглядаецца як нешта забароненае (змаўчу пра тое, што па законе ў Беларусі давзоленыя шлюбы паміж кузэнымі). Але я ўсё роўна не магу успрымаць такія адносіны як дапусцімыя. Герояў не асуждаю, але і не згаджаюся з імі. Пакуль застаюся на нейтральным баку.
Чытаючы гэтую кнігу, мне хацелася няшчадна біцца галавой аб сцяну. Клішаваны сюжэт "добрая дзяўчына - дрэнны хлопец" тут няхай і набывае некаторыя адметныя асаблівасці, але ўсё ж застаецца такім, які знаёмы многім. Пераход ад нянавісці да кахання адбыўся для мяне так хутка, што я не паспела апамятацца: толькі галоўныя героі спрачаліся - і ў наступную секунду яны ледзь не прызнаннямі кідаюцца. Увогуле, балансуюць на мяжы майго розуму.
Мне не хапіла драйва. Ідэя з нелегальнымі гонкамі відавочна не дадала плюсаў у скарбонку, таму што гэта яшчэ больш расчаравала. Выбачайце, шыкоўныя машыны і хуткасць мяне не ўражваюць (я нават пры 100 км/ч трымаюся за пасажырскае крэсла). Таму і Нік аказаўся для мяне суцэльным чырвоным флагам. Зрэшты, мінусаў у яго і без крыміналу хапае.
Галоўная гераіня спрабуе здавацца "не такой, як усе", але гэта атрымліваецца вельмі дрэнна. Чарговая пасрэдная дзяўчына, якая неўзабаве вырашыла , што ёй нічога не патрэбна. Не б парадавацца за маці, але амаль усю кнігу толькі і чуваць ныццё Ноа ў стылі: "Мне не падабаецца мой новы прыгожы пакой!", "Дом каля мора? Не, я хачу ў сваю глухмень", "Вочы б не бачылі гэтае дызайнерскае адзенне!" Прачніся, дзяўчынка! Мне б твае праблемы, дарагая...
Кіданняў герояў хапае. І быццам бы Ноа можна дараваць адсутнасць мазгоў (яна ж які-ніякі, але падлетак). А вось Ніку час пасталець. Дык не, сядзець на шыі бацькі і спаць з дзяўчынамі - адзінае, на што ён здольны. Падобная інфантыльнасць у мяне выклікае агіду. Дзіцячыя траўмы тут ні пры чым. Здаецца, што галоўны герой не збіраецца браць адказнасць за ўласнае жыццё.
Раман чытаецца лёгка, хутка. Падойдзе для таго, каб не забіваць галаву лішнім, але чакаць ваў-эфекта не варта.










