
Неаднаразова ў кнігарнях я сустракала кнігі Генадзя Аўласенкі, і заўсёды іх вокладкі адштурхоўвалі мяне ад чытання. Але ж яго дзіцячая кніга «Як зубраня “Зубраня” наведала» з ілюстрацыямі Веранікі Шпак летась атрымала Прэмію Цёткі «за найлепшае афармленне кнігі для дзяцей і падлеткаў». Ілюстрацыі сапраўды цудоўныя, кнігу прыемна трымаць у руках, таму я падумала, што, магчыма, тэкст таксама будзе вартым, але да яго ўзніклі пэўныя пытанні. Колькі слоў пра сюжэт, які выглядае, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, як натыўная рэклама (або рэкламная інтэграцыя) на 133 старонкі :D У Белавежскай пушчы жыве зубраня Банцік, якое сябруе з зайчаняткам Вушасцікам. Выпадкова ад наведвальнікаў пушчы Банцік даведваецца пра існаванне загадкавага месца, якое называецца так жа, як і ён — «Зубраня», вядомы беларускі летнік. З таго часу ў Банціка з’яўляецца мара — туды патрапіць, і ў яго гэта атрымліваецца з дапамогай лясной феі, якая ператварае жывёлак-сяброў у звычайных хлопчыкаў. Здавалася б, нядрэнны захапляльны сюжэт, з магіяй і неверагоднымі ператварэннямі. Але, на жаль, тэкст аповесці пахне канцылярытам і саветчынай. Паглядзіце, напрыклад, на такі сказ:
Але менавіта гэтыя абставіны і дапамаглі зубраняці атрымаць рашучую перамогу, бо воўк, цалкам заняты нядобрай сваёй справай, не адразу заўважыў небяспеку.
Ён глядзеўся б удала толькі ў творах накшталт «Запісак Самсона Самасуя», дзе гэта абумоўлена аўтарскай задумай. Але ну ніяк не пасуе да дзіцячай літаратуры. Ілюстрацыі сапраўды прыгожыя, што даволі рэдка сустракаецца ў дзіцячых кнігах, выдадзеных у дзяржаўных выдавецтвах. Але я так і не здолела зразумець, у чым заключалася грандыёзная задума вярстальшчыка. Логіка размяшчэння большасці малюнкаў цьмяная, парушаная паслядоўнасць тэксту і ілюстрацый да яго. Напрыклад, паводле сюжэту пэўная падзея (не буду спойлерыць, у адрозненне ад вярстальшчыка кнігі) яшчэ не адбылася, але цэлы разварот з ілюстрацыяй да яе ўжо ёсць, і там раскрываецца сюжэтны паварот. Атрымліваецца, што пра падзею мы спачатку даведаемся з малюнка, а толькі потым сустрэнем яе ў далейшым тэксце. І так амаль з кожнай вялікай ілюстрацыяй. Шкада, што кніга з такім цудоўным афармленнем аказалася менш цудоўнай зместава і стылістычна. Ці як бы напісаў гэта аўтар:
Менавіта гэтыя абставіны не дапамаглі кнізе атрымаць рашучую перамогу ва ўпартай барацьбе за дзіцячую ўвагу.

























