Белорусская фантастика - на беларускай мове
Groden
- 111 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Калі я прачытаў гэтую кнігу, сказаў сабе, ого, гэта зусім невядомы мне Андрасюк. Нічога падобнага з яго ранейшых тэкстаў мне не прыгадвалася. На першых старонках “Поўні”, калі аўтар апісвае гісторыю знаёмства з Юляй на менскім чыгуначным вакзале, я добра пазнаваў Міхала. Гэта быў той самы Андрасюк, якога я ведаў яшчэ па першай ягонай кнізе “Ферма”, у далёкім 2000 годзе я прывёз яе з гайнаўскага “Бязмежжа”. Але чым далей чытаў, тым усё больш аўтар кнігі рабіўся мне невядомым. А прыканцы чытання я нават збянтэжыўся. Што тут адбылося? Куды знік ранейшы Андрасюк.
Па-шчырасці, пазнаваў я яго і ў другой палове кнігі. Але толькі таму, што добра ведаю стылістыку яго пісьма. Андрасюка сапраўды ні з кім не зблытаеш, бо ён стварыў свой адметны, лёгка пазнавальны, стыль. Яго асаблівасць – паэтычнасць мовы. У прынцыпе, можна браць асобныя ўрыўкі з “Поўні”, разбіваць іх на радкі і друкаваць як нерыфмаваныя вершы – верлібры. Чаму сёння Андрасюк не піша вершы, для мяне застаецца загадкай.
Другая адметнасць стылю Андрасюка – гэта асаблівы рамантычны настрой ягоных тэкстаў, з такой лёгкай іроніяй. Ён можа апісаць нейкую зусім будзёную дзею, але ў ёй будзе столькі пачуцця, што ты пачынаеш верыць, ніякая гэта не будзёная дзея, а штосьці адметнае і значнае. Прычым ён так умее, літаральна некалькі словамі, прамаляваць дэталі, што тую дзею бачыш як у тэлевізары.
Чытаючы кнігу, здзіўляцца я пачаў калі Міхал, надзвычай падрабязна, апісаў дзіўны рытуал пераводу дрэваў з лесу для будаўніцтва хаты. Бабуля Міхала тлумачыць сямейнікам, што нельга проста ссекчы ў пушчы дрэвы дзеля зрубу, а “варта падумаць, хто падбярэ ўсе гэтыя сосны, хто замовіць іх добрым словам, бязбольна перавядзе з лесу…” І такі чалавек знайшоўся – дзед Алімпій, які ў кнізе падаецца як містычны захавальнік таямніц пушчы, які прыходзіць і дае парады галоўнаму герою кнігі нават пасля смерці. І далей Андрасюк падрабязна апісвае, як дзед Алімпій замаўляе дрэвы (прычым падае і саму замову), і як тыя сосны пераводзяцца на месца будаўніцтва. Мяне гэта так уразіла, што я вырашыў удакладнік, ці было штосьці такое на самой справе. Калі я спытаў у Міхала, дзе ён бачыў такі рытуал, то без якіх-небудзь хітрыкаў ён мне сумленна адказаў: прыдумаў сам. Я дык быў упэўнены, што калі не бачыў на ўласныя вочы, дык абавязкова вычытаў недзе ў фальклорных зборніках. Але не, прыдумаў сам. Толькі такое немагчыма прыдумаць. Гэта трэба ведаць нейкай генетычнай памяццю.
І чым далей, тым больш кніга рабілася незвычайнай. Пачаў з’яўляцца дзед Дзмітрый, якога ніколі пры жыцці галоўны герой кнігі не бачыў, а затым і вучні, якіх некалі вучыў у вясковай школе, і менавіта тыя, што ўжо не жывуць. І тут паўстае сапраўдная метафізіка жыцця, тая таямніца, якая заўжды побач з чалавекам, толькі ён пра гэта не здагадваецца. А як вам сцэна, дзе галоўны герой частуе свайго дзеда Дзмітрыя папяросамі “Беламоракал”, знайшліся ў хаце – пачак заваляўся з даўніх-даўніх часоў? І як той дзед Дзмітрый узрадаваўся. Няўжо і гэта прыдумаў Міхал?
Ну а футбол, у які гуляюць поўняй мёртвыя сябры і былыя вучні героя кнігі супраць вечнасці. Ад гэтай сцэны ўвогуле бягуць мурашы па спіне. Ад яе містычнасці і ад яе рэальнасці. Бо ты яе бачыш.
І самая фантастычная сцэна, як галоўны герой вядзе па пушчы, паміж пушчанскімі вёскамі, спачатку сваіх нежывых вучняў, а затым да іх далучаюцца ўсё новыя і новыя маладыя мужчыны, якія пайшлі з гэтага свету “не ў час”, якіх забілі, немцы, рускія, палякі, французы, шведы… Ідуць яны ў вёску Тапіла, а нечакана прыходзяць да шырокага лугу Аконшчына, калісьці ў дзяцінстве герой кнігі дапамагаў тут бацьку касіць траву, і сустракаюць там тры жанчыны, якія жнуць сярпамі траву забыцця.
“Пра што гэтая кніга?” - я спытаў у гэтых жанчын.
- Пра нас усіх, пра той шлях, прайсці які наканавана кожнаму, - адказала першая жанчына.
- Пра тых каго згубілі па жыцці, нават тых, каго не ведалі, але ўсе яны недзе побач, - адказала другая жанчына.
- Пра Свабоду, Праўду і Каханне, якія не прыходзяць самі, бо іх трэба заслужыць, - адказала трэцяя жанчына.
І хто ведае, на які луг выйдзе кожны з нас.

Вешаць замкі кахання на мосціках праз Лету, няправільна. Забудзе яна цябе і ты яе забудзеш.


Гляджу ў каменныя твары жанчын, бачу вочы цёткі Ані. Яны кажуць: маці не заканчваецца ніколі.







