
Ваша оценкаРецензии
Wild_Iris19 апреля 2020 г.Я прачытала і тую старонку, дзе раілі масіраваць шыю, і наступную, дзе аналізавалася карысць розных падыходаў да расчэсвання валасоў — кніга разгортвала перада мною падрабязную панараму жаночага цела, і я, гледзячы на яго на малой адлегласці, адчувала толькі жах, не пазнавала ў ім сябе. Выявілася, што існаванне вымагае столькіх высілкаў, і ўсе яны прыніжальныя, дробныя, хцівыя, поўныя зямнога бруду. Мне не хацелася расчэсвацца, глядзецца ў люстэрка, дакранацца да шыі — не хацелася выконваць ніводную з гэтых медычных парадаў, што гучалі як загады, перасцярогі, раптам знойдзеныя старонкі з Аб’явення Іаана Багаслова.Читать далееВыкарастаць метафару, якую прапанавала сама аўтарка? Чаму б і не. Гэты зборнік кароценькіх апавяданняў нагадвае аскепкі вазы, якая імгненне таму разбілася аб падлогу і цяпер паблёсквае ў сонечных прамянях. Яскравы бляск, прыгожы на першы позірк, але доўга на яго глядзець не будзеш. Згрэбці частку, парэзацца, заклеіць акрываўлены палец, вымесці тое, што засталося. Можа быць, пакінуць сабе адзін ці два аскепкі, самыя вялікія і фігурныя. Змыць з іх кроў, і хай упрыгожваюць гаршчок з якім-небудзь падвялым кактусам, хай тырчаць з зямлі празрыстымі вострымі зубамі ...
Добра, а цяпер нармальнай чалавечай мовай. Маладая аўтарка, безумоўна, мае літаратурны талент, і я спадзяюся, што ён будзе расці і квітнець. Пакуль што гэтая маладосць і недасведчанасць, якая з яе вынікае, даволі заўважныя. Апавяданні з «Крыштальнай ночы» — гэта пераважна замалёўкі, якія можна было б добра працягнуць і скончыць, але не хапіла ці то ідэй, ці то жадання. Вобразнасць у іх багатая, мова вытанчаная, толькі што з таго, калі героі і адносіны паміж імі, усе гэтыя дробнамяшчанскія жарсці, збольшага не выклікаюць цікаўнасці? Хіба што спагаду, і тое даволі рэдка. Гэтая праблема ўвогуле тыповая для сучаснай беларускай літаратуры: пачаткоўцы вельмі засяроджаныя на тым, як лепш перадаць уласныя пачуцці і думкі, калі-нікалі яны нават дбаюць пра сюжэты, аднак ствараць паўнакроўных персанажаў не хочуць альбо не могуць. Абы толькі навучыліся з часам.
Калі вам лянота чытаць кнігу цалкам, магу параіць апавяданні «Нямая» і «Аксель» — за літасць, «Дзеці» і «Ладдзя — за жах, «Шыя» —за трапнасць думкі. Калі ж вас цікавяць тэма рамантычных стасункаў паміж жанчынамі альбо па-майстэрску выкананая ў прозе алітэрацыя... Тады не перабірайце, гартайце ад першай да апошняй старонкі.
2359