Моя охота 2019
AnasteishaChesh
- 9 книг

Ваша оценкаЖанры
Ваша оценка
Як ні круці, Мінск - цэнтральны для Беларусі. Нават калі ты не жывеш у гэтым горадзе, то напэўна вучыўся, ці маеш сяброў і сваякоў там і не раз да іх прыязджаў, ці ездзіў на рынак ці ў гандлёвыя цнэтры за шмоткамі, ці ў цырк прыязджаў, калі ў школе вучыўся, ці шмат чаго яшчэ іншага. Мінск - гэта як Ігдрасіль, вялікае такое дрэва з каранямі по ўсёй Беларусі. Мінск аб'ядноўвае беларусаў, і ў той жа час смокча каранямі ваду і жыццё з усіх куткоў краіны.
Я люблю Мінск. Люблю кнігі пра гарады. Нядаўна чытаў Памука пра Стамбул, і ў водгуке адзначыў, што ў кожнага жыгара свае ўспаміны пра горад, свае эмоцыі. Адзін будзе казаць пра раку, другі - пра кавярні, трэці - пра брудны і шэры пад'езд, чацвёрты - пра парк і вавёрак, пяты - пра транспарт і дарогі... Мне вельмі падабаецца слухаць, што гавораць пра свае гарады другія людзі. Адзін кажа - што той Мінск, вось Піцер! А другі - ды што Піцер, вось вёска пад Хельсінкі!
Цудоўна, што ёсць людзі, якія маюць натхненне напісаць пра горад і якія маюць жаданне гэта ўсё сабраць і выдаць. "Мінск назаўжды" - невялічкая кніжачка з маленькамі апавяданнямі і малюнкамі. Частка аўтараў добра вядомыя, частка - маладыя ноунэймы. Як і пісаў, кожны піша пра тое, што яму бліжэй - хто пайшоў у міфічіны бок, хто ў гістарычны, хто ў кавярню, хто ў метро. Апавяданні вельмі розныя. Але мастацкі вопыт адразу бачны. Можна лёгка здагадацца, хто даўно піша, а хто толькі спрабуе. Нажаль, частка твораў не зусім пра Мінск, а проста пра нейкі Горад. Мне б больш хацелася, каб я з аўтарам сам за руку прайшоў па вядомых месцах. Усё ж такі кніга прысвечана аднаму канкрэтнаму гораду.
Некаторых аўтараў мне было цяжка зразумець - пра што яны хацелі напісаць? У адной дзяўчыны палова апавядання пра адно, а другая - зусім пра іншае. Нешта як у татарына атрымалася.
Неакторыя творы задуманыя цікава, але бязглузда пададзеныя. Напрыклад, у творы пра "Хрустальны шар" я адразу з самага пачатку здагадаўся, як будзе развівацца сюжэт. Але я лічу, што пісьменнік павінен падманваць чытача, зрабіць нешта такое, да чаго чытач не зможа сам дадумаць.
Яшчэ мне падумалася, што маладыя аўтары - студэнты, бо вельмі шмат такога, студэнцкага ў апавяданнях. Непадаленая цыгарэта і кола з водкай, плэер у вушах, смартфоны, ноутбукі, сесія, няма чаго есці, барбарыскі за шчасце. У адным апавяданні выкарыстаны мат, ну зусім не ў тэму, зусім.
Мне вельмі-вельмі спадабалася тое, што напісала Надзея Ясьмінска. Не толькі яна напісала пра каву і кавярню, але яна зрабіла гэта так, што мне самому вельмі хацелася ў тую кавярню, пра якую яна напісала.
Асмалоўскія казкі Глобуса я чытаў раней, мне яны таксама спадабаліся.
Цікавы твор пра сустрэчу гарадоў на дні нараджэнні. У аўтара добрая фантазія, некаторыя моманты выклікалі ў мяне ўсмешку.
Можа каму падасца, што я тут наляцеў-набухцеў, але насамрэч не, бо кніга ў мяне выклікала вельмі добрыя эмоцыі. Я яе праглынуў за 2 дні і хацелася яшчэ працяга, але няма яго. Хай і анталогія няроўная па якасці, але мне вельмі спадабалася пачытаць пра Мінск, пра асабісты Мінск кожнага аўтара. Няхай і адзін з аўтараў крыху пакрыўдзіўся, што яму ні капейкі не заплацілі=)
Прышпільны зборнік, пяшчотны, добры, месцамі сумны, сонечны, з пахам кавы. Усё як трэба. Дзякуй і аўтарам, і ўкладальніцы. 7,5/10.

Анталогія – гэта геніяльна. Напрыклад, захацелася мне пазнаёміцца з дзіўным светам сучаснай прозы. Магу набыць часопіс ці некалькі кілаграмаў кніг, але лепей будзе зрабіць па-разумнаму і знайсці анталогію. Чытаеш невялічкія зборнікі з творамі дзесяці-пятнаццаці аўтарай – і знаёмішся на здароўе. Зручна, проста і нават хутка – апошняе для літаратуры ўвогуле не характэрна.
Толькі існуе праблема. Нам у Беларусі не хапае анталогій. Гэта не значыць, што іх няма ўвогуле, але нават слова “мала” для існуючай колькасці зборнікаў – ужо камплімент. На шчасце, сітуацыя крыху змянілася ў 2018 годзе: пад эгідай фестывалю “Горад і кнігі” выйшаў зборнік апавяданняў “Мінск назаўжды”.
Пад прыемнай каляровай вокладкай анталогія аб’ядноўвае творы дзесяці маладых і дзесяці сталых у мастацкім плане пісьменнікаў. З інфармацыі пра кожнага з іх – толькі імя, а апавяданні размяшчаюцца ў рандомнай паслядоўнасці. У суседстве з прозай Міхаіла Валодзіна ці Ларысы Рублеўскай размешчаны творы маладых пісьменнікаў: Кацярыны Захарэвіч, Аляксандра Паршанкова, Стэфана Корфа і іншых. Хіба гэта не добры прыклад творчай роўнасці?
Апавяданні зборніка аб’ядноўвае не толькі беларуская мова, на якой яны напісаны (рускамоўныя былі перакладзены, аб гэтым потым), але і агульная тэма: Мінск. Арганізатары прапаноўвалі празаічным аўтарам скласці творы, дзе будзе “Мінск як тэма, Мінск як месца, Мінск як галоўны герой і як фон падзей, што іх вызначае. Мінск у любых праявах - але абавязкова ён”.
Калі гаворка ідзе пра гарадскія апавяданні, я адразу ж згадваю Макса Фрая з яго “Казкамі старога Вільнюса” ці анталогіямі, якія друкуюцца пад яго імём. Магчыма, з-за гэтых асацыяцый я думала, што ўбачу ў зборніку магію, легенды і казкі, майстэрскі ўплеценыя ў рэчаіснасць. І, канечне, горад.
Але менавіта яго час ад часу і не хапала. Былі апавяданні, дзе Мінск можна было лёгка замяніць на Магілёў або Гродна, нават на Берлін або Нью-Ёрк - іншымі словамі, горад стаў звычайным фонам без аніякага мясцовага каларыту. Менавіта такія творы сталі аднымі з нелюбімых у зборніку, бо пры чытанні я адчувала падман. Мне абяцалі Мінск – а далі прыгоды людзей неважна дзе! Растлумачыць такую рэакцую няцяжка, улічваючы мае ўяўленні наконт зместу анталогіі. Але і вінаваціць кагосьці нельга: рабіць Мінск звычайнай дэкарацыяй складальнікі зборніка не забаранялі.
Пяройдзем да больш пазітыўных рэчаў. Што ў зборніку добра? Ён разнастайны. Там і філасофскія разважанні, і казачныя падзеі, і сямейныя праблемы; добры фінал, трагічны фінал, незразумелы фінал; наша стагоддзе, даваенныя гады, часы ВКЛ - усё, што хочаце. Кожнаму на ўласны густ. Гэтай разнастайнасцю зборнік абавязаны колькасці аўтараў. Іх дваццаць – гэта шмат. Згадзіцеся, мала дзе вам могуць прапанаваць такое.
Што добра яшчэ? Само выданне. Я чытала кнігу ў электронным варыянце, але набыць друкаваную не вельмі цяжка. Яна каштуе свае грошы. На кнігу прыемна глядзець, яна не надта вялікая, з мяккай вокладкай і ілюстрацыямі ўнутры. Іх няшмат, але яны прыгожыя і зроблены адным аўтарам – Ліліяй Бусаравай.
Асобная падзяка Маргарыце Латышкевіч, якая не только была адным са складальнікаў зборніка і аўтарам змешчанага там апавядання, але і перакладала рускамоўныя творы, якія трапілі ў кнігу. Зрабіла гэта добра і якасна, не прычэпішся.
“Любімчыкаў” сярод твораў я вызначаць не буду. Не хочацца, каб мой густ і асабістыя ўражанні паўплывалі на вывады і думкі іншых людзей. Да таго ж, я ўжо пазначыла, чаго ад зборніка чакала і што мне не спадабалася, таму здагадацца пра мае думкі наконт кожнага апавядання нясложна.
Але парада ад мяне ўсё ж такі будзе. Чытайце зборнік позняй восенню ці зімой. Тады з’явіцца адчуванне, што тое, аб чым вы чытаеце, адбываецца недзе зусім блізка, бо ў большасці твораў надвор’е – асенняе або зімняе. Ці гэта асаблівасць успрыняцця беларускага клімата, ці мінчане сапраўды звыкліся з туманамі, холадам і снегам, не ведаю. Але не думайце, што, калі ёсць хмары, то ўсё сумна і дрэнна. Не. Многія творы – іх большасць - вельмі ўтульныя. Такія, якімі могуць быць коўдра ці какава толькі ў халодны час. Зборнік лёгка стане трэцім элементам у гэтай формуле “добрага зімовага вечара”.
Выснова: зборнік добры, грошай не шкада, рабіце яшчэ.

Горад - месца, дзе павінна быць добра. Дзе няма жалю, скрухі, дзе ёсць толькі тэмп і задачы.
Трэба з горадам знаёміцца, трэба вучыцца адчуваць яго - ён, напэўна, розны; трэба пра яго даведацца не з кніг, газет і тэленавінаў, не з расповедаў знаёмых, у якіх клубах было класна, а ў якіх так сабе.
Яна Гульцяева - Горад

Зыбіцкая - гэта праява хтанічнай, балотнай сутнасці беларусаў. Гэта хтонь, твань, балота, багна, зыб. Зыбіцкая.
Зыбіцкая - праява гэтай другой душы, нашай хтанічнай сутнасці, якая вырываецца раз-пораз на волю.
Аляксей Карпенка - Мінск-Восеньскі

Мінская восень - гэта херас.
Даўкая, моцная, з водарам рудой лістоты, арэхаў, сухафруктаў і віна.
Аляксей Карпенка - Мінск-Восеньскі