Мая «беларуская палічка»
JeanneBien
- 47 книг

Ваша оценка
Ваша оценка
Самае нечаканае ў гэтай кнізе, што аўтару ўдалося напісаць яе без песняў жалю і роспачнага плачу. Нават, так бы мовіць, з вясёлымі ноткамі, калі аўтару ўдавалася знайсці ў архівах нейкую цікавую, часам пікантную гісторыю, то яна абавязкова трапляла ў кнігу, вяртаючы з архіўнага пылу таму бурліваму, рамантычнаму, самаахвярнаму жыццю рысы рэальных чалавечых стасункаў.
Сяргей Шупа, як ён сам прызнаецца, першую палову 90-х гадоў пражыў у Беларускай Народнай Рэспубліцы. Дакладней, у архівах БНР, бо працаваў з імі і ў Вільні, і ў Менску. У выніку гэтай тытанічнай працы ў 1998 годзе пабачылі свет два таўшчэзныя тамы пад назвай “Архівы БНР”, у якіх Шупа сабраў і ўпарадкаваў ўсё тое, што тычылася захаваных пісьмовых матэрыялаў БНР – ад розных палітычных заяваў і мемарандумаў, да прыватных цыдулак і квітанцый. Такім чынам, менавіта Сяргей Шупа стаў тым чалавекам, які ведаў амаль усю праўду пра БНР. У выніку, да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, якое мы адзначалі летась, і нарадзілася гэтая кніга – “Падарожжа ў БНР”.
Аўтар не пашкадаваў нікога, не хаваў праўду, і не рамантызаваў галоўных бацькоў БНР. Некаторыя факты з біяграфіяў вядомых тагачасных беларускіх палітыкаў засмучаюць. Зусім не гераічна ў кнізе апісана дзейнасць генерала Станіслава Булак-Балаховіча, асобны атрад якога насамрэч не з’яўляўся вайской адзінкай БНР, а генерал сам прызначыў сябе “Начальнікам Беларускай Дзяржавы”.
Увогуле, прачытаўшы гэтую кнігу, разумееш, што ніякіх рэсурсаў у дзеячоў БНР не было, акрамя веры ў беларускую ідэю і права свайго народа на самавызначэнне. Кіраўніцтва БНР спрабавала ўдзельнічаць у розных міжнародных структурах, каб паўсюль гучаў беларускі голас. Але ніхто не хацеў яго слухаць, перадусім заходнія краіны, якія не прызнавалі права беларусаў на стварэнне ўласнай дзяржавы. Ніводная краіна не прызнала БНР дэ-юра. Савецкая Расея ўвогуле разглядала землі Беларусі як уласна расейскія і гандлявала імі на міжнародных мірных перамовах. Да таго ж унутры кіраўніцтва БНР пачаліся расколы, звады і здрады. Кніга заканчваецца тым, што шэраг дзеячоў БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам, тагачасным кіраўніком ураду БНР, прыходзяць да высновы, што варта прызнаць БССР адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Цвікевіч ў 1925 годзе пераязджае з сям’ёй у Менск. Тое ж самае зрабілі некаторыя іншыя вядомыя дзеячы беларускага руху, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі. Яны паверылі ў тое, што Савецкая Беларусь трывала стала на рэйкі нацыянальнага будаўніцтва, бо створаная ў 20-х гадах у БССР рэчаіснасць на самой справе недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных мэт. Але неўзабаве, ужо ў 1930 годзе, працэс беларусізацыі рэзка перапыніўся і ўсе дзеячы беларускага руху, якія мелі дачыненне да БНР, былі рэпрэсаваныя, а ў 1937 годзе расстраляныя.
Кніга Сяргея Шупы заканчваецца наступнымі радкамі: "Сёньня з увагі на ўсе абставіны краіна Беларусь хай і не выглядае дакладна так, як марылі пра гэта першыя беларускія незалежнікі, аднак беларуская незалежнасьць, прызнаная ва ўсім сьвеце, - неабвержаны факт. Усё астатняе дадасца – непазьбежна, як узыход сонца.”

Выдатны прыклад цікавага і жывога non-fiction. Гісторыя БНР як гісторыя неабыякавых ды апантаных людзей, у жыцьці якіх знаходзілася месца і звычайнай будзённасьці, і незвычайнай узьнёсласьці, і адчаю, і радасьці, і г.д. (скандалы, інтрыгі, расьследаваньні, сенсацыі :D).
У Сяргея Шупы атрымалася зрабіць з архіўных дакумэнтаў шматгранны моцны тэкст, які здольны перадаць чытачу дух 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, уразіць актыўнасьцю і моцай беларускіх дзяячоў, і, само сабой, храналагічна распавесьці пра існаваньне БНР.
Частачкі кнігі вельмі маленькія, таму часам было цяжка пераключыцца з аднаго на другое і сканцэнтравацца. Але гэта дробязі, якія блякнуць перад тым, наколькі "Падарожжа ў БНР" – вартае і патрэбнае выданьне.

Сам аўтар прэзэнтуе кнігу як «БНР для чайнікаў», але мне такое апісаньне падаецца памылковым. Кніга складаецца зь невялікіх фрагмэнтаў, якія, напэўна, першапачаткова разглядаліся толькі як публікацыі на сайце Свабоды. Праз тэматычныя і храналягічныя пераскокваньні ў неабазнанага ў тэме чалавека ўзьнікне сур’езная праблема з успрыняцьцем гістарычнай карціны. На маю думку, гэтая кніга цікавая найперш для дасьведчанага ў тэме чытача.
Архіўны раман, напісаны подле дакумэнтаў, успамінаў і тагачасных газэт — выдатная кніга, каб асьвяжыць у памяці гістарычныя зьвесткі пра БНР, а таксама даведацца пра захапляльныя ці кур’ёзныя моманты часоў аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.