
Ніводзін беларускі пісьменнік за апошнія сто гадоў не меў такой багатай біяграфіі як Уладзімір Някляеў. У маладосці ён выступаў з вершамі на з’ездзе КПСС у Маскве. Узначальваў усе асноўныя літаратурныя структуры - ад рэдактарства літаратурнымі перыёдыкамі, да ачвольвання Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Атрымліваў прэстыжныя літаратурныя прэміі. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Быў дэманстратыўна збіты спецслужбамі ў апошні дзень галасавання. Сядзеў у Амерыканцы - турме КДБ. Сустракаўся з рознымі уплывовымі сучаснымі палітыкамі. У той самы час пісаў вершы і прозу, выдаваў кнігі.
Уладзімір Някляеў перадусім паэт. Асаблівасць ягоных вершаў палягае ў тым, што яны драматургічныя. Нават калі гэты верш усёго з некалькіх радкоў – усё адно ў іх заўжды прысутнічае драматызм падзеі, пачуцця або думкі. У ранніх вершах ён мог напісаць пра тое, як маці ўгаворвае сына заснуць, а сын адчувае, што яго бацьку забіраюць, каб расстраляць. Як у вершы “Леснічоўка”. Або, як у пазнейшым вершы, апавядае пра тое, як энкавэдыста, вернага сталінца, забраў “чорны воран” - ён быў асуджаны як вораг народа і трапіў на Калыму. І нават там заставаўся верным сталінцам.
Увогуле выйшла шмат кніг з выбранай паэзіяй Уладзіміра Някляева. Адметнасць “Галубінай пошты”, акрамя таго, што яна двухмоўная, палягае ў тым, што вершы для кнігі адбіраў і затым пераклаў Адам Паморскі – славуты польскі перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-цэнтра. У Паморскага атрымалася ўкласці кнігу з найлепшых твораў беларускага паэта. Таму гэты дзвюхмоўны паэтычны том сапраўды надзвычай удалы. Ды і паліграфічна ён выкананы прыгожа і бездакорна. Акрамя вершаў кніга змяшчае тэкст Уладзіміра Някляева, які ён агучыў у судзе падчас апошняга ягонага слова перад вынясеннем прысуду. Тэкст гэты таксама ўвойдзе ў гісторыю Беларусі, бо ў ім выкладзены развагі паэта пра тое, што ён лічыць сапраўднай Беларусю і тлумачыць, чаму пайшоў у палітыку. Някляеў у сваё прадмове тлумачаць, які павінен быць падмурак яго краіны: “Гэта наша гісторыя, у якой быў парламент, які выбіраў тых, хто кіраваў дзяржавай. Гэта наша мова, на якой быў напісаны Статут Вяікага Княства Літоўскага: канстытуцыя, што стала ўзорам для пазнейшых дэмакратычных канстытуцый Еўропы і свету. Гэта наша культура, якая дала Усходняй Еўропе першаасветную постаць Францыска Скарыны. “
Пра яшчэ адну нацыянальную каштоўнасць Уладзімір Някляеў напісаў у вершы:
Лунае, нескароны, На векавых вятрах Наш, ад крыві чырвоны, Ад болю белы, сцяг.
Наш бел-чырвона-белы, Нябесны, вольны, смелы, Наш бел-чырвона-белы, Наш сцяг.























