Моя маленькая библиотека
AnnetPatuk
- 114 книг
Это бета-версия LiveLib. Сейчас доступна часть функций, остальные из основной версии будут добавляться постепенно.

Ваша оценка
Ваша оценка
Апошнім часам у беларускай літаратуры ўсё часцей з'яўляюцца творы на тэму эміграцыі. Відаць, часы такія прыйшлі. Маёй першай памылкай было ўзяцца за гэтую кнігу па-беларуску, хоць напісаная яна па-расейску. Ніколі не рабіце такой памылкі і чытайце кнігі ў арыгінале, калі валодаеце мовай. Заплюшчу вочы на дзіцячыя памылкі школьнай праграмы, якія сустрэліся ў перакладзе, і не буду завастраць на гэтым увагу.
Зборнік складаецца з некалькіх апавяданняў, некаторыя з іх аб'ядноўваюцца агульнымі персанажамі. Героі перацякаюць з апавядання ў апавяданне, граючы то галоўную ролю, то ролю другога плану. Яны жывуць у розных гарадах і краінах, здавалася б, нічым не аб'яднаныя. Але агульная для іх тэма эміграцыі не раз паўстане ў апавяданнях (не толькі як перамяшчэнне з адной краіны ў іншую, але і як неадпаведнасць думак пэўнага чалавека часу і яго навакольнаму асяроддзю). Спадабалася ідэя з назвай: плошча Калумба знаходзіцца ў Нью-Ёрку і абазначае нулявы кіламетр горада. Некаторыя героі твораў — эмігранты, таму для іх гэтая плошча яшчэ і сімвалічны пачатак новага жыцця.
Пэўныя апавяданні ў часе чытання выклікалі ў мяне цікавасць, я спадзявалася на цікавае завяршэнне, але вось, апавяданне заканчваецца, а ў галаве толькі адно пытанне: "Ну і што?" Пад канец трохі засмуціла геаграфічная памылка, якую дапусціў аўтар: ён піша, што Паўночны пасёлак Мінска атрымаў такую назву, бо знаходзіцца на поўначы горада. Загугліце "Паўночны пасёлак" і паглядзіце, што гэта за поўнач.

Пра гэтую кнігу магу сказаць так - што параілі, то і купіў у кніжнай краме. Часам мне цікава спытаць у сябра ці звычайнай прадавачкі, што яны параяць купіць з апошняга. Нясеш кнігу дадому і зусім не ведаеш, што цябе чакае на старонках кнігі. "Плошча Калумба" якраз з гэтай серыі.
Для мяне падчас пытання было самым цікавым дазнацца, ці апавяданні ў кнізе аўтабіяграфічныя, ці выдуманыя. Я не ведаю, Лапцэвіч пісьменнік, альбо мастак. Альбо і тое, і другое. Але мне б хацелася, каб аўтабіяграфічнасць мела месца. Што гэта сапраўды ён сам ездзіў у ЗША да сябра, што гэта яго сяброўка малявала і распавядала яму пра сваё цяжкае жыццё.
"Плошча Калумба" - гэта зборнік кароткіх апавяданняў пра розных людзей, якія жывуць у нейкім сваім свеце. Хтосьці не можа вылезці з БССР, хтосьці жыве ўспамінамі пра ўніверсітэцкае мінулае. Сяргей Лапцэвіч часцяком схіляецца ў бок філасофіі, распавядаючы пра розныя дыялектычныя аспекты жыцця.
Шчыра кажучы, мне цяжка агульна напісаць пра кнігу, таму што кожная яе частка - гэта нейкі свет нейкага чалавека, на жыццё якога я гляжу праз маленькую дзірку ў плоце. Часам нават не разумееш, які я вынік павінен зрабіць напрыканцы апавядання. Сапраўдны такі беларускі арт-хаус у літарах.
Самае першае апавяданне пра сустрэчу з сябрам, які жыве ў ЗША, мне здалося, напэўна, самым цікавым. Вельмі харызматычны ш цікавы герой атрымаўся ў аўтара, які здаецца жыве у Штатах, а на самой справе яшчэ не выбраўся з СССР.
А можа яшчэ гэтыя творы больш зацэпяць людзей, якія раслі на Лэд Зэпелін і Діп Пёрпл, бо гэта іншае для мяне пакаленне, якое вучыла мяне калісьці маляваць і якое добра закранула савецкае мінулае.
Думаю, гэтую кнігу было б цудоўна чытаць восенню пад дождж і піць горкую каву.
А яшчэ хачу пстрыкнуць па носе выдавецтва за жудаснае афармленне вокладкі. Калі б мне не параілі, ніколі не купіў бы гэтую кнігу і нават блізка не падыйшоў да яе. Але гэта асабістае, канешне...