Сонца паліла шчокі, я адчуваў, як пот буйнымі кроплямі сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калі я хаваў маму, як і тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялі і шалёна пульсавалі. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкі і зрабіў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калі зраблю адзін крок. Але я зрабіў гэты крок, адзін толькі крок наперад. І тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож і выставіў яго перада мной на сонцы. Прамень бліснуў па сталі і ўеўся мне ў лоб доўгім іскрыстым лязом. У тое ж імгненне пот рынуў з броваў, заліў павекі, захінуў іх цёплай вільготнай смугой. Вочы аслеплі пад салёным покрывам слёз. Я нічога не адчуваў, адно сонца ў галаве біла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клінок рассякаў мае вейкі, працінаў спакутаваныя вочы. І тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкі, гарачы ўздых. І мне падалося, што неба расчынілася на ўсю шырыню і на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сціснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася пукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухі аглушальны ўдар, і ўсё пачалося. Я скінуў з сябе сонца і пот. І зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цішу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслівы. Тады я стрэліў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, і кулі ўваходзілі ў яго, не пакідаючы слядоў. І гэта былі нібы чатыры кароткія ўдары, якімі я пастукаўся ў дзверы бяды.